У лунёў знойдзены падобныя да соваў адаптацыі да вызначэння крыніцы гуку

поплаўны лунь

Каманда аўстралійскіх і канадзкіх навукоўцаў атрымала анатамічныя і гісталагічныя пацверджанні таго, што было вядома дзякуючы назіранням за паляваннем лунёў (Circus spp.) і іх знешняму выгляду – гэтая група драпежных птушак выкарыстоўвае для вызначэння месцазнаходжання патэнцыйнай здабычы на зямлі не толькі зрок, але і слых.

Cовы маюць выдатныя слухавыя магчымасці і некаторыя іх віды могуць паспяхова паляваць у поўнай цемры. Да нядаўняга часу лічылася, што ўсе іх адаптацыі да гэтага ўнікальныя. Але аказалася, што ў лунеў незалежна ўтварыліся некаторыя з гэтых адаптацый, якія таксама дазваляюць ім выкарыстоўвываць слых для паляванняў. Пад час палётаў на невялікай вышыні луні не толькі стараюцца ўбачыць здабычу, але і пачуць яе, каб адпаведна падрыхтавацца да атакі.

Выкарыстоўваючы жывых птушак з цэнтраў рэабілітацыі і зборы музеяў у Аўстраліі і Канадзе, даследчыкі спачатку параўналі анатамічныя і марфалагічныя асаблівасці галавы, чэрапа і мозгу розных відаў лунёў і іншых прадстаўнікоў атраду Шулякападобныя. Акрамя таго, што луні маюць выразны, вельмі падобны да соваў, т.зв. тваравы дыск, які накіроўвае дзякуючы адпаведнаму размяшчэнню апярэння гукі ў вушныя адтуліны, самі гэтыя адтуліны маюць павялічаны памер у параўнанні з іншымі таксонамі Шулякападобных.

Калі ж параўновываць страенне мозгу, дзве яго структуры, якія адказваюць за аналіз гукаў (nucleus magnocellularis і nucleus laminaris) ад 3 да 12 раз большыя (адносна памераў цела), чым у іншых прадстаўнікоў атраду і параўнальныя да памераў гэтых структур у соваў. Між іншага яны неабходныя, каб адпаведна хутка вылічваць крыніцу гуку.

"Гэтыя слухавыя аналізатары (auditory nuclei) размешчаны ў ствале мозгу і параўновываюць час, калі гук даходзіць да левага і правага вуха. Калі гук дайшоў у той самы час, тады крыніца гука знаходзіцца наўпрост перад намі. Калі ж ёсць адрозненне, то крыніца гуку знаходзіцца адпаведна больш з левага ці правага боку. З-за таго, што гэтыя структуры ў лунёў павялічаны ў параўнанні з іншымі прадстаўнікамі шуляковых, луні могуць апрацоўвываць гэтую інфармацыю больш дакладна і гэта дазваляе ім вызначаць месца знаходжання пацука, мышы або іншай здабычы ў траве калі нават яны іх і не бачаць” – сказала рrof. Vera Weisbecker з Flinders University's College of Science and Engineering, сааўтарка артыкулу па выніках даследавання.

"Такім чынам, у лунёў выпрацавалася сісітэма ўспрымання і аналізу гукаў, падобная на савіную, якая дазваляе ім з дапамогай гукаў вызначаць іх крыніцу таксама дакладна як гэта робяць совы ў выніку канвергентнай эвалюцыі і мозгу, і паводзін паміж жывёламі, продкі якіх разышліся 60 мільёнаў гадоў таму” – сказала Sara Citron, галоўная сааўтарка артыкула.

Навукоўцы, аднак, падкрэсліваюць, што слухавая сістэма многіх відаў соваў нашмат больш складаная, чым у лунёў. Гэта тлумачыць магчымасць, напрыклад, сіпухі, паспяхова паляваць у поўнай цемры, тады як луні палююць выключна ў светлую частку сутак.

"Ёсць некалькі спеціфічных рысаў, якія дапамагаюць совам з успрыманнем і апрацоўкай гукаў, якіх не маюць луні: напрыклад, асіметрычнае размяшчэнне слухавых адтулін, а таксама павялічаныя памеры некаторых дадатковых аддзелаў мозгу, чаго не маюць луні”. – дадала Citron.

Крыніца: Citron S. et al. 2025 The evolution of an "owl‐like" auditory system in harriers: Anatomical evidence, J. of Anatomy DOI: 10.1111/joa.14264

Паводле www.phys.org і www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самкі поплаўнага луня Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Новы погляд на таксанамію лунёў

Нечакана вялікія адлегласці і плошчы для пошуку здабычы выкарыстоўваць поплаўныя луні ў Польшчы

Куды і як ляцяць на зімоўку поплаўныя луні з Усходняй Беларусі: вынікі спадарожнікавага сачэння + мапы + VIDEO