Асаблівасці міграцыі і зімоўкі лугавых ерчыкаў з захаду Еўропы

лугавы ерчык

Дзякуючы мініятурным геалакатарам, якія акрамя працягласці светлай часткі сутак і даты таксама запісвалі паказанні паветранага ціску, атрымалася прасачыць асаблівасці міграцыі лугавых ерчыкаў (Saxicola rubetra) з Французскіх Альпаў да месцаў зімоўкі ў Афрыку і назад.

Усяго у сезоны 2022-24 гг. у дэпартаментах  Savoie і Haute-Savoie у Французскіх Альпах было адлоўлена па 10 гняздуючых ерчыкаў (8 самцоў і 2 самкі) у 2022 і 2023 гг., якія атрымалі мульцісэнсарныя геалакатары вагой 0,6 г, што складае прыкладна 4% ад вагі дарослай птушкі і лічыцца бяспечным для жыццядзейнасці, уключна з міграцыяй. У 2024 г. атрымалася пераадлавіць 7 птушак з геалакатарамі і спампаваць запісаныя на іх дадзеныя.

Увосень птушкі ляцелі на захад праз Францыю і Іберыйскі паўвостраў і апынуліся ў Афрыцы недалёка ад Гібралтарскага праліву, далей жа ляцелі на поўдзень уздоўж заходняга края Сахары. Восеньская міграцыя ў розных птушак працягвалася ад 17 да 50 дзён і звычайна адбывалася ў начны час у сярэднім на працягу 9 гадзін (ад 6 да 13), пасля чаго птушкі прыпыняліся на адпачынак (у сярэднім яны рабілі 15 прыпынкаў працягласцю ў сярэднім 16 гадзін).

Вясновая ж міграцыя адбывалася ў больш хуткім тэмпе і птушкі ляцелі больш усходнім і прамым маршрутам на працягу 12-24 дзён, больш сінхронна і звычайна яна пачыналася адным, безпасадачным пералётам праз Сахару на працягу 37-45 гадзін. Каб пераадолець усю адлегласць паміж апошнім месцам зімоўкі і месцам гнездавання, усім, акрамя аднаго, ерчыкам, спатрэбілася паміж 9 і 10 пералётаў. Толькі адзін з самцоў вярнуўся вясной за 19 пералётаў - ён пераадольваў Сахару параўнальна кароткімі перамяшчэннямі.

Цікава, што вясновыя пералёты над Сахарай адбываліся на рэкорднай вышыні - ад 4 да 6 тысяч м над узроўнем мора. Гэта было значна вышэй за пералёты ўвосень, калі тыя ж ерчыкі ляцецлі над Сахарай на вышыні 2500-3000 м н. у. м., і толькі адзін з іх на вышыні большай за 4000 м. Падобныя ж вышыні выкарыстоўваліся птушкамі і на іншых участках міграцыі - напрыклад, над Іберыйскім паўвостравам і ў Паўночнай Афрыцы, дзе дасягалі 4000 м.

Для зімоўкі ерчыкі выкарыстоўвалі адно ці два асноўныя месцы ў Заходняй Афрыцы, якія знаходзіліся ў Гвінеі, С’ерра Леонэ, Ivory Coast, Сенегале і Маўрытаніі. Чатыры з сямі птушак, з якіх атрымалі дадзеныя пра пералёты, змянілі месца зімоўкі прыкладна ў сярэдзіне зімы, тады як іншыя засталіся ў тых самых месцах або перамяшчаліся нязначна ў іх наваколлі.

Крыніца: Jiguet, F. et al. 2026 Migratory connectivity, short steps and loop migration in an alpine population of Whinchats Saxicola rubetra. J Ornithol  https://doi.org/10.1007/s10336-026-02409-1

Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Начныя мігранты могуць ляцець днём на вышыні больш 6000 метраў!

Дробны не значыць слабы: вераб’іныя птушкі могуць ляцець вельмі высока