Старэйшыя самцы чаротавак вяртаюцца гнездаваць значна раней за самак і маладзейшых самцоў

драздовая чаротаўка

Далёкадыстанцыйныя мігранты сутыкаюцца з разнастайнымі выпрабаваннямі пад час сваіх сезонных пералётаў - індывідуальныя асаблівасці і розныя фактары навакольнага асяроддзя ўздзейнічаюць на часовую працягласць міграцыі. Але даты вяртання на гнездавую тэрыторыю вясной асабліва важныя, таму што больш раннія асобіны, якія вярнуліся для гнездавання, звычайна маюць большы поспех размнажэння (большую колькасць патомкаў).

Каманда навукоўцаў адсочвала міграцыйныя паводзіны драздовых чаротавак (Acrocephalus arundinaceus), якія гнездавалі ў двух мясцовасцях у Цэнтральнай Швецыі. Для гэтага яны выкарысталі два тыпы прыладаў: геалакатары і мульцісэнсорныя логгеры (апошнія запісвалі ціск паветра (каб вызначыць вышыню месцазнаходжання птушак), яго тэмпературу і паскарэнне - каб адрозніць перамяшчэнне ў расліннасці ад міграцыйных пералётаў). У 2009-19 гг. на дарослых птушках былі змешчаны 241 геалакатар (147 на самцах і 94 на самках) і 134 ладжэра (89 на самцах і 45 на самках). 

У наступныя пасля змяшчэння прыладаў гады атрымалася пераадлавіць некаторых птушак і такім чынам атрымаць дадзеныя з 44 геалакатараў, змешчаных на самцоў (30%) і з 21, змешчанага на самках (22.3%), а таксама з 30 (33.7%) логгераў на самцах і 21 (46.7%) на самках.

Аказалася, што самцы чартавак пачынаюць вясновую міграцыю да месцаў гнездавання ў сярэднім на 10,5 дзён раней, чым гэта робяць самкі. Прычым старэйшыя самцы (≥ 4 гадоў) адлятаюць значна раней за маладзейшых (2-3 гадовых), што можа адлюстроўвываць назапашаны імі большы досвед міграцый і/або звязаныя з узростам гарманальныя адрозненні. А вось у самак з розных узроставых груп падобных адрозненняў не знайшлі.

Тым не менш, ні ў самцоў, ні ў самак працягласць вясновых пералётаў значна не адрознівалася ў розных узроставых групах і ў сярэднім самцы прыляталі на месцы гнездавання на 9,9 дзён раней за самак. Падобна да датаў адлёту, старэйшыя самцы (з групы ≥ 4 гадоў) прыляталі значна раней за больш маладых (узростам 3 гады), але падобнай залежнасці не было знойдзена для самак. Цікава, што па меры наступлення вясны, працягласць пералётаў скарачалася па часе, але ўсё роўна самцы пераадольвалі тую самую ці падобную адлегласць хутчэй за самак і на дадзеную дату адлёту самцы вярталіся ў сярэднім на 3,9 дні раней за самак і гэта не было звязана ні з узростам самцоў, ні з узростам самак.

Крыніца: Malmiga G. et al. 2026 Age and sex effects on spring migration timing in great reed warblers: early start allows older males to arrive first, Avian Biology 2026:2 e03530 https://doi.org/10.1002/jav.03530

Паводле www.nsojournals.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Дробны не значыць слабы: вераб’іныя птушкі могуць ляцець вельмі высока

Чаму еўрапейскія птушкі спяваюць на зімоўцы ў Афрыцы?

Драздовыя чаротаўкі - экстрэмалы