Чаму еўрапейскія птушкі спяваюць на зімоўцы ў Афрыцы?

 

Новае даследаванне паказала, што вераб’іныя птушкі, якія адлятаюць ад нас на зімоўку ў Афрыку, могуць спяваць там каб падтрымаць ці нават павялічыць якасць сваіх спеваў перад надыходзячым гнездавым сезонам.  

Многія віды еўрапейскіх вераб’іных вядомы сваімі спевамі пад час зімоўкі на поўдзень ад Сахары. Дагэтуль гэта здзіўляла даследчыкаў, бо песня – энергазатратная актыўнасць, акрамя гэтага яна можа прыцягнуць зусім непатрэбную ўвагу драпежнікаў ды забірае час ад пошуку і спажывання ежы.

Мар’ёры Сорэнсэн (Marjorie Sorensen) і яе каманда прапанавала тры гіпотэзы для вытлумачэння падобных зімовых спеваў. Такім чынам, птушкі могуць спяваць: каб пазначыць сваю зімовую тэрыторыю, на якой харчуюцца; бо гэта проста неадаптыўная праяўленне выпрацоўкі тэстастэрону; каб практыкаваць і палепшыць якасць складаных песняў для наступнага вяртання на месцы гнездавання.  

Каб праверыць усе тры гіпотэзы, навукоўцы скіраваліся ў Замбію і сфакусіравалі свае назіранні на драздовых чаротаўках (Acrocephalus arundinaceus), якія выконваюць параўнальна складаныя песні і іх складанасць непасрэдна звязана з поспехам гнездавання самцоў чаротавак, бо самцы з найбольш складанымі песнямі больш паспяхова прыцягваюць увагу самак. Аказалася, што на зімоўцы тэрыторыі асобных чаротавак у значнай ступені перакрываюцца і птушкі не праяўляюць агрэсію ў адносінах адна да адной. Таму гіпотэза пра тэрытарыяльную функцыю зімовых спеваў адпала. Таксама не было знойдзена пазітыўнай карэляцыі паміж колькасцю спеваў і канцэнтрацыяй тэстастэрону ў плазме крыві самцоў.

Аднак у падтрымку апошняй гіпотэзы былі атрыманы пазітыўныя пацверджанні: драздовыя чаротаўкі спявалі ў Афрыцы не тэрытарыяльныя кавалкі, а песні для прыцягнення ўвагі партнёрак. Даследаванне паводзінаў пад час спеваў 57 відаў пералётных у Афрыку птушак паказала, што найбольш інтэнсіўна спяваюць на зімоўцы тыя віды, ў якіх самкі абіраюць самцоў для размнажэння менавіта па складанасці і іншым характарыстыкам песні, а не па яркасці і каляровасці апярэння.

Такім чынам атрымалася, што нават зімовыя спевы птушак знаходзяцца пад моцным уздзеяннем полавага адбору.

Крыніца:

Sorensen, M C, Jenni-Eiermann, S, & Spottiswood, C N. 2015. Why Do Migratory Birds Sing on Their Tropical Wintering Grounds? The American NaturalistDOI: 10.1086/684681

Паводле  www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак драздовай чаротаўкі Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

ДЛЯ КАГО КРЫЧАЦЬ ПТУШКІ? ДЖАЗ БЕРАСЦЯНАК

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

ПЕР’Е-СКРЫПКА