Шасцідзесяцігадовы альбатрос яшчэ размнажаецца !

Самая старая птушка, вядомая навукоўцам для ЗША –альбатрос Лэйсана Diomedea immutabilis, якая мае імя Wisdom (Мудрая), была адзначана са сваім птушанём.
Здымак акальцаванай самкі альбатроса з маленькім птушанём быў зроблены сёлета даследчыкамі са Службы геалагічнай разведкі ЗША (US Geological Survey (USGS)) на Midway Atoll National Wildlife Refugе, што ў паўночнай частцы Ціхага акіяну.

Упершыню гэтая птушка была акальцаваная тут яшчэ ў ... 1956 годзе, калі наседжвала сваё яйка!
Як і іншыя альбатросы, птушкі гэтага віду пачынаюць размнажацца толькі па дасягненні 8 або 9-ці гадовага ўзросту. Таму гэтая самка ўжо жыла ў канцы 1940-х гадоў.
Бр’юс Пітэрджон (Bruce Peterjohn), прадстаўнік Patuxent Wildlife Research са штата Мэрылэнд, які бачыў птушку сёлета, сказаў, што самка “выглядае выдатна”. 
"Веданне таго, што птушка яшчэ можа паспяхова выводзіць птушанят ва ўзросце больш за 60 год, па просту адымае мову. Хаця працэс кальцавання птушак амаль не змяніўся за апошняе стагоддзе, інфармацыя, якую забяспечваюць простыя кавалкі металу з лічбамі, змяніла нашы ўяўленні пра жыццё птушак” – дадаў Пітэрджон.
Паводле ацэнак навукоўцаў, самка Мудрасць змагла “паставіць на крыло” каля 30-35 птушанят за сваё жыццё.
Альбатросы адкладваюць толькі адно яйка ў сезон гнездавання, пры чым робяць гэта звычайна праз год.
 

Дарослыя птушкі злучаюцца ў пары на ўсё жыццё і абодва бацькі актыўна ўдзельнічаюць у інкубацыі і даглядзе за патомствам. Аднак для гэтай пары застаецца невядомым, ці пражыў партнёр Мудрай такое ж доўгае жыццё.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Самая старая брытанская скапа вярнулася на сваё гняздо

Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым

Самы стары лебедзь-шыпун пражыў у прыродзе 40 год

Ружовыя фламінга стануць бацькамі ў сорак гадоў

Палярная крычка ўсталявала новы рэкорд
Сакрэты доўгага жыцця птушак

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства

Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў