Алені і птушкі

Новае даследаванне паказала, што алені могуць аказваць значна большы ўплыў на папуляцыі некаторых відаў птушак, чым думалі дагэтуль.

Вынікі былі апублікаваныя ў часопісе Брытанскага экалагічнага таварыства Journal of Applied Ecology. Яны паказваюць сведчанні таго, што некалькі лясных відаў птушак маюць нашмат горшае становішча там, дзе высокая шчыльнасць аленяў. Даследчыкі пад кіраўніцтвам д-ра Сцюарта Ньюсана (Dr Stuart Newson) з Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology (BTO)), выкарысталі новыя метады аналізу вялікай нацыянальнай базы дадзеных па маніторынгу птушак і аленяў. На нізінных тэрыторыях Англіі параўноўвалі становішча 11 відаў птушак і яго сувязь з 3 шырокараспаўсюджанымі там відамі аленяў: кітайскага мунтжака (Muntiacus reevesi), казулі (Capreolus capreolus) і еўрапейская лань (Dama dama). Адзінаццаць відаў птушак залежаць ад нізкага густога падросту ў лесе і хмызняку і таму патэнцыяльна могуць залежаць ад шчыльнасці аленяў, якія ядуць менавіта расліннасць такога роду.
Былі атрыманы дадзеныя, што там, дзе шчыльнасць аленяў павялічылася, зменшылася колькасць пяці з адзінаццаці лясных відаў птушак, і з іх найбольш моцна для заходняга салаўя (Luscinia megarhynchos) і сівой сініцы (Parus montanus). За апошнія 10 год іх колькасць зменшылася адпаведна на 54% і 65%. Не так даўно пачалі абмежаванне ўздзеяння аленяў на лясны падрост, агароджваючы некаторыя тэрыторыі, што з-за рэальных прагнозаў па павелічэнню колькасці аленяў вельмі важна для многіх лясных відаў птушак.
Таксама праца паказала, што алені не ёсць адзіным ці нават галоўным фактарам, адказным за змяншэнне колькасці лясных відаў птушак. Аднак праведзенае даследаванне паказала, што алені могуць у значнай ступені пагаршаць якасць біятопаў, неабходных для гнездавання некаторым лясным відам птушак.
 

Крыніца:
Stuart Newson, Alison Johnston, Anna Renwick, Stephen Baillie and Robert Fuller (2011). Modelling large-scale relationships between changes in woodland deer and bird populations. Journal of Applied Ecology.
 

Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак казулі Мікалая Гулінскага

На гэтую тэму:
Пол птушанят на пашах могуць вызначаць свойскія жывёлы

Без старых дуплістых дрэваў не будзе лясных экасістэм