У апошнія дні здарыліся дзве вельмі радасныя падзеі – на адлегласці у больш, чым 8 тысяч км ад месца выпуску, пад час міграцыі былі адзначаныя два кулічка-лапатня (Eurynorhynchus pygmeus), выгадаваныя ў пітомніку ў Вялікабрытаніі і выпушчаныя ў прыроду ў Расіі.
За апошнія два гады дзякуючы расійска-брытанскай камандзе навукоўцаў і прыродаахоўнікаў былі вырашчаныя і выпушчаныя ў прыроду 25 кулічкоў гэтага глабальна пагражаемага віду. Аднак да апошняга часу было невядома, што адбылося з гэтымі кулічкамі, бо яшчэ ніводзін з іх не вярнуўся ў чукоцкую тундру для размнажэння (гэты від пачынае гнездаваць ва ўзросце двух год).
Аднак у лістападзе адзін кулічок-лапацень з пітомніка быў убачаны ў Таіландзе, на марскім узбярэжжы каля Бангкоку, а другі – ў падобным біятопе ў Паўднёвым Кітае.
Праграма па развядзені лапатнёў у няволі і вяртанні ў прыроду адбываецца наступным чынам: навукоўцы забіраюць у брытанскі пітомнік знойдзеныя імі кладкі кулічкоў, вымушаючы бацькоў адкладваць паўторныя. Такім чынам выведзеныя ў інкубатары птушняты не гінуць ад драпежнікаў і павялічваюць – разам з “дзікімі” птушанятамі – поспех размнажэння дзікіх птушак нават да 10 разоў. Дзякуючы белым пластыкавым сцяжкам на нагах выгадаваных у пітомніку кулічкоў, іх лёгка адрозніць ад іншых.
Найджэл Клэрк (Nigel Clark), прадстаўнік Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology's (BTO)) сказаў: “Пазначаныя намі лапатні паведамляюць нам шмат інфармацыі. Праведзеныя ў пачатку 2000-х гг. даследаванні паказалі, што мала маладых птушак вяртаецца гнездаваць. Цяпер мы зможам даведацца, ці тое, што мы робім, дапамагае віду захавацца”.
Аднак не толькі прыродныя драпежнікі і знішчэнне традыцыйных месцаў адпачынку лапатнёў пагражае кулічкам. Як аказалася, пасля вырашэння праблемы з нелегальным адловам віду ў Бангладэшы і ў М’янме, цяпер ім пагражаюць кіламетры сетак для адлову птушак на марскіх узбярэжжах Кітая. Аднак тое, што маладыя птушкі з пітомніка паспяхова далучыліся да сваіх дзікіх суродзічаў усё ж падмацоўвае надзею на захаванне віду.
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
НОВАЯ НАДЗЕЯ ДЛЯ ДВУХ САМЫХ РЭДКІХ КУЛІКОЎ НА ЗЯМЛІ ДЗЕТКІ Ў АБАРОНУ КУЛІКА-ЛАПАТНЯ = JOURNEY OF SPOON-BILLED SANDPIPER - VIDEO ФІЛЬМ ПРА РАТАВАННЕ ЛАПАТНЯ - САМАГА РЭДКАГА КУЛІКА НА ЗЯМЛІ (+VIDEO)ПЕРШЫЯ КУЛІЧКІ-ЛАПАТНІ ВЫЛУПІЛІСЯ Ў НЯВОЛІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ