Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася

 Новае даследаванне сцвярджае, што ў хуткай эвалюцыі і радыяцыі калібры як спецыялізаванай на нектары кветак групы птушак найперш вінаватыя Анды. А з часам новыя віды калібры непазбежна паўстануць ужо ў бліжэйшай будучыні. Пры чым іх будзе як мінімум столькі ж, колькі вядома цяпер. 

Выкарыстоўваючы генетычны матэрыял ад 284 відаў калібры з агульна прызнаных 338 відаў, амерыканскія навукоўцы стварылі найбольш дэталёвае філагенетычнае дрэва сямейства Trochilidae – гл. ніжэй. Даследчыкі таксама сцвярджаюць, што 8 з 9 вядомых насёння кладаў калібры павінны быць падзелены больш глыбока з выдзяленнем новых відаў. 

Складаны філагенетычны аналіз дапамог зазірнуць у гісторыю калібры. Свіргулі, надрэўныя свіргулі і калібры аддзяліліся ад агульнай продкавай групы птушак 42 мільёны гадоў таму недзе на прасторах Еўразіі. Гэта адпавядае сучасным уўяленням пра гэтую групу – найстарэйшыя парэшткі калібры былі знойдзены ў паўднёвай Германіі і іх узрост аценьваецца ў пр. 30 мільёнаў гадоў. 

Першыя калібры з’явіліся на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі ўжо 22 мільёны год таму. Калі калібры дасягнулі Андаў у Паўднёвай Амерыцы, адбылася шырокая радыяцыя часткова як прыстасаванне да рознай вышыні, дзякуючы якой сёння тут жывуць 140 відаў. Другім важным фактарам, які прывёў да відаразнастайнасці калібры, была спецыялізацыя на здабыванні нектару з кветак розных відаў і рознай формы. Сёння вядомыя мясцовасці, дзе сімпатрычна сустракаюцца да 25 відаў гэтых птушак!  

Калібраванае часам філагенетычнае дрэва з рэканструкцыяй продкавых груп і лакалізацыяй да адпаведных біягеаграфічных рэгіёнаў для 9 адасобленых кладаў калібры. Малюнак з doi:10.1016/j.cub.2014.03.016

Група т. зв. пчолавых калібры (Bee hummingbirds) і іх бліжэйшыя крэўныя сфармаваліся параўнальна хутка – 35 відаў на працягу 5 мільёнаў гадоў. Параўнальна няброска афарбаваныя т. зв. калібры-пустэльнікі (hermit hummingbirds) традыцыйна лічыліся адасобленай групай, якую аб’ядноўвалі ў падсямейства Phaethornithinae, найбліжэйшае да т.зв. сапраўдных калібры з Trochilinae. Аднак насамрэч яны аказаліся цесна злучаны з яркімі і каляровымі тапазавымі калібры. Цяпер гэтыя групы лічацца найбольш старажытнымі і продкавымі з сучасных калібры. 

На прыканцы артыкула аўтары сцвярджаюць, што дынамічная спецыялізацыя калібры працягваецца і цяпер, што прывядзе да фармавання сотняў новых відаў нават у бліжэйшай геалагічнай будучыні. Магчымасць жа паглыбленага вывучэння ўжо пазначаных як насамрэч складзеных з некалькіх відаў калібры і іх апісання застаецца адкрытай. 

Крыніца: McGuire, J A, Witt, C C, Remsen Jr, J V, Corl, A, Rabosky, D L, Altshuler, D L, and Dudley, R. 2014. Molecular Phylogenetics and the Diversification of Hummingbirds. Current Biology: doi:10.1016/j.cub.2014.03.016

Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку Дзьмітрыя Вінчэўскага – самец белабрухай лясной зоркі (White-bellied Woodstar) Chaetosercus mulsant, Перу.

 

На гэтую тэму:

 КВЕТКІ І САЛОДКІЯ ПРЫСМАКІ ПРЫЦЯГВАЮЦЬ САМАК

 ПАМЯТЛІВЫЯ КАЛІБРЫ

 КАЛІБРЫ МОГУЦЬ ПАСКАРАЦЦА ХУТЧЭЙ ЗА РЭАКТЫЎНЫЯ САМАЛЁТЫ!

 Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

 ГАВАЙСКІЯ КВЯТКОЎНІЦЫ ПАХОДЗЯЦЬ АД... ЧАРОМАШНІКАЎ

 Трапічныя птушкі чакалі на сухапутны “мост”