Крумкачы паспяхова выкарыстоўваюць змененае чалавекам асяроддзе

Пасля параўнання выкарыстання зробленых чалавекам гнездавых апор крумкачамі (Corvus corax), чырвонахвостымі (Buteo jamaicensis), каралеўскімі (B. regalis) і канюхамі Свенсана (B. swainsoni) у ЗША атрымалася, што толькі крумкачы паспяхова займаюць такія структуры ўсё часцей.

Супольнае даследаванне Таварыства па ахове прыроды (Wildlife Conservation Society, Службы геалагічнай выведкі (US Geological Survey (USGS)) і Ўніверсітэту штату Айдаха (Idaho State University) праводзілася ў апошнім штаце на працягу трох гадоў. Навукоўцы правяралі, як часта чатыры самых распаўсюджаных віды драпежных птушак выкарыстоўваюць лініі электраперадач, вышкі мабільнай сувязі, будынкі і білборды для гнездавання. 

Аказалася, што толькі крумкачы робяць гэта ўсё часцей, а канюхі трох відаў амаль не звяртаюць на антрапагенныя пабудовы як магчымыя месцы гнездавання ўвагі. 

Крумкачы ўпершыню былі адзначаныя на тэрыторыі даследавання ў 1986 годзе як “нерэгулярна гняздуючыя”. Аднак цяпер іх колькасць павялічылася да 46% ад усіх знойдзеных гнёздаў чатырох відаў пярнатых драпежнікаў. 

Лініі электраперадач, звычайна, самыя высокія аб’екты на тэрыторыі даследавання. Яны даюць крумкачам большы агляд навакольнай тэрыторыі і, адначасова, лепшую абарону гнёздам ад патэнцыйных драпежнікаў, пажараў і перападаў тэмпературы. 

“Папуляцыя крумкачоў рэзка павялічылася за апошнія чатыры дзесяцігоддзі ў палынна-хмызняковых паўпустынях. Галоўная прычына гэтага – фрагментацыя экасістэмы і размяшчэнне тут розных пабудоў чалавека. Наша даследаванне паказала, што крумкачы як раз выйгралі ад гэтых падзей, тады як тры розныя віды мясцовых канюхоў – не” – пракаментаваў вынікі галоўны аўтар даследавання Пітэр Коэйтс (Peter Coates).

З чым звязана такое кардынальнае адрозненне паміж відамі? Яно, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае даступнасць здабычы і бяспечных месцаў гнездавання. 

 “Крумкачы – апартуністычныя драпежнікі, якія ядуць амаль усё, ўключна з падаллю. Акрамя гэтага, яны вельмі разумныя птушкі. Гэта дазваляе ім хутка адаптавацца да зменаў у навакольным асяроддзі і перадаваць свой карысны досвед ад аднаго пакалення птушак іншым. 

У супрацьлегласць крумкачам, усе даследаваныя намі віды канюхоў -тэрытарыяльныя птушкі, якія не талеруюць турбаванне чалавекам і палююць, у асноўным, на здабычу памерам з зайца” – сказала Крысці Хоўв (Kristy Howe), сааўтар артыкула і эколаг з USGS.

 

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак крумкача Уладзіміра Янушэвіча

 

На гэтую тэму:

Крумкачы ў горадзе

Крумкач куліку вока не выдзяўбе

Цяжкае жыццё ў моладзевых гангах

Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку

Новакаледонскія крумкачы зноў здзівілі навукоўцаў

Вароны дапамагаюць адна адной у патрэбе