Насуперак чаканням, памер гнёзд сініх сініц (Cyanistes caeruleus) ніяк не ўдзейнічаў на паказчыкі іх размнажэння. Пра гэта кажа артыкул, які хутка будзе надрукаваны ў амерыканскім навуковым часопісе The Auk: Ornithological Advances.
Гнёзды розных відаў жывёл дапамагаюць пазбягаць розных небяспек іх патомству, асабліва пад час інкубацыі і першых перыядаў жыцця, сярод якіх суворае надвор’е, драпежнікі або нават гнездавыя паразіты. Таму лагічна было б уявіць, што калі некаторыя асобнікі будуюць большыя і лепшыя гнёзды, то гэта можа прыводзіць да іх большага поспеху размнажэння.
Аднак папярэднія даследаванні, звязаныя з параўнаннем поспеху гнездавання і памерамі гнёздаў знаходзілі звычайна толькі слабую пазітыўную карэляцыю. Магчыма таму, што вялікія памеры гнязда могуць прыцягваць большую ўвагу драпежнікаў з-за таго, што лепш заўважныя.
Каб выключыць магчымасць паспяховага драпежніцтва на вынікі даследавання, французскія арнітолагі з універсітэту de Montpellier змяшчалі гнёзды ў адмысловыя “клеткі” з металічнага дроту.
Прамеры 1280 гнёзд сініх сініц на працягу 18 гадоў разам з адсочваннем памеру вывадкаў адразу пасля вылуплення і перад вылетам з гнязда не паказалі статыстычна істотных адрозненняў для гнёзд рознай таўшчыні або аб’ёму гнездавога матэрыялу. Навукоўцы спрабуюць растлумачыць атрыманыя вынікі тым, што негледзячы на тое, што звычайна памеры гнязда і колькасць гнездавога матэрыялу птушкі дапасоўваюць да ўмоваў надвор’я і памеру кладкі, аднак стандартныя памеры сінічнікаў, на якіх праводзіліся даследаванні, могуць не дазваляць птушкам будаваць вельмі вялікія гнёзды нават фізічна.
"Работа заснаваная на нашмат большым памеры дадзеных, чым папярэднія, яны збіраліся 18 год, аднак атрыманыя вынікі падобныя. Таму мы дагэтуль не ведаем у чым сапраўдны сэнс вялікіх гнёздаў, бо моцнага ціску адбору на гэту паказчык няма, - мы назіраем даволі вялікія варыяцыі на розных гнёздах” – пракаментаваў арнітолаг Тор Стагсволд (Tore Slagsvold) з ўніверсітэту Осла (Нарвегія).
Іншы погляд на вынікі заключаецца ў тым, што большую ролю, чым колькасць гнездавога матэрыялу, можа мець яго склад: доля кампанентаў расліннага і жывёльнага паходжання. Яна можа значна адрознівацца на розных гнёздах і ўжо гэта можа ўздзейнічаць на неабходную колькасць гнездавога матэрыялу для выканання гняздом сваіх функцый.
Крыніца:
M. M. Lambrechts, P. Marrot, A. Fargevieille, P. Giovannini, A. Lucas, V. Demeyrier, A. Midamegbe, P. Perret, A. Grégoire, A. Charmantier & C. Doutrelant (2016) Nest size is not closely related to breeding success in Blue Tits: A long-term nest-box study in a Mediterranean oak habitat. The Auk: Ornithological Advances www.aoucospubs.org/toc/tauk/133/2
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак - Andrzej Smolinski
На гэтую тэму:
Вялікая сініца збудавала гняздо вялізарных памераў
Сінія сініцы з Корсікі выкарыстоўваюць ароматэрапію
Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям
Старыя самкі сініц горшыя?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ