Неверагодныя пералёты калібры

Паводле новага даследавання, апублікаванага ў часопісе The Auk: Ornithological Advances, чырвонаваллёвы калібры Анны (Archilochus colubris) пад час міграцыі можа без перапынку ляцець нават да двух тысяч кіламетраў!

Публікацыя раскрывае дэталі міграцыі гэтага адзінага гняздуючага амаль па ўсёй  Паўночнай Амерыцы віда калібры з усходніх штатаў ЗША ў Цэнтральную Амерыку з пікам у верасні. Прычым дарослыя птушкі ляцяць на зімоўку першымі, перад маладымі.

Дадзеныя збіраліся на поўдні штата Алабама, праз які калібры ляцяць з канца жніўня да канца кастрычніка, супрацоўнікамі ўніверсітэту Southern Mississippi.

Выкарыстоўваючы кампутарную праграму, якая ацэньвала дальнасць магчымага беспасадачнага пералёту калібры на аснове масы цела і размаху крылаў, атрымалася, што ў сярэднім такія палёты магчымыя на адлегласць да 2200 км, прычым старыя птушкі і самцы здольныя на далейшыя пералёты, чым самкі і маладыя калібры.

Ці птушкі сапраўды пералятаюць Мексіканскі заліў, дагэтуль дакладна невядома, аднак прыведзеныя ацэнкі магчымасцяў калібры кажуць пра тое, што яны маглі б без праблем гэта рабіць пры адпаведнай пагодзе.

"Найбольш цікавым, на мой погляд, ёсць тое, як некаторыя калібры падвойваюць масу цела перад пералётам і потым эфектыўна змяншаюць яе да зыходнай” – сказаў T.J. Zenzal, галоўны аўтар даследавання, якое часткова фінансавалася National Geographic Society.

Навукоўцы адлоўлівалі калібры з дапамогай адмысловых сетак пад час іх восеньскіх міграцый у 2010–14 гг. і змаглі закальцаваць і зняць прамеры з 2729 птушак.

"Факты, якія мы выпадкова ведалі ў невялікай колькасці, цяпер пацверджаны вельмі вялікай выбаркай. Цікава, што маладыя птушкі пачынаюць сваю міграцыю пасля дарослых і даволі добра адрозніваюцца таксама па характару прыпынкаў" – сказаў Крыс Кларк (Chris Clark), эксперт па паводзінах калібры. “Таму далейшыя даследаванні таго, як маладыя птушкі мігрыруюць і як і чаму яны прымаюць рашэнні будуць вельмі цікавымі”.

Крыніца:

Zenzal, T J Jr, and Moore, F R. 2016. Stopover biology of Ruby-throated Hummingbirds (Archilochus colubris) during autumn migration. The Auk: Ornithological Advances 133: 237-250. DOI: 10.1642/AUK-15-160.1

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.achetudoeregiao.com.br

 

На гэтую тэму:

Калібры могуць паскарацца хутчэй за рэактыўныя самалёты!

Як калібры без цяжкасцяў лятаюць назад

Памятлівыя калібры

Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак

Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася