Некалькі гадоў таму разам з сябрам я выкапаў на ўскрайку лесу і пасадзіў пад вокнамі нашай кватэры і побач 4 ці 5 невялічкіх рабінак. План быў у тым, што ў будучыні, калі яны вырастуць і пачнуць пладаносіць, гэта прыцягне сюды розных птушак.
Так і атрымалася - адна з рабінак пад вакном (каля якога дзе я сяжу з кампутарам) выцягнулася метры на 4, мае шмат (яшчэ зялёных) ягад і многія птушкі ўжо зараз выкарыстоўваюць або як месца адпачынку, або для пошуку ежы. Пра дамовых вераб'ёў і іх меню на рабінцы я раскажу ў наступны раз. А вось пра тое, як на дрэўца села леска-завірушка (Sylvia curucca) усяго ў трох метрах ад мяне, я і распавяду цяпер.
Птушка нягучна патрэсквала - гэта і прыцягнула маю ўвагу. Яна хутка прыгала па галінках - "шукае насякомых" - падумаў я. Але вось яна прыпынілася на гронцы зялёных ягад і .. дастала нешта каляровае адтуль.
Гэтае каляровае аказалася не клапом і не вусенем, а ягадай рабіны, якая яўна вылучалася колерам нават для мяне і, хутчэй за ўсё, лічынка нейкага насякомага прывяла да таго, што ягада была амаль спелай задоўга да нармальнага тэрміну.
Момант - і ягада знікла ў дзюбе лескі. Так і атрымаўся "мясны салат" ці два ў адным - і ягада, і лічынка ўнутры.
Гродна, 23-06-2019
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ