Хаця ў суседніх з намі Польшчы і Літве жаўрук-смяцюх (Galerida cristata) амаль знік, у некаторых частках Беларусі - гэта хаця і рэдкая, але заўважная птушка. Найперш зімой -калі збіраецца групкамі да трох дзесяткаў на ўзбочынах дарог і есць там насенне пустазельля і збірае гастраліты-каменьчыкі, каб тое насенне пераціраць.
Але і вясной гэтыя жаўрукі добра заўважныя там,дзе яны гняздуюць - а гэта, звычайна, таксама дарогі і ўскорайкі палёў каля фермаў і мехдвароў. Яны прыгожа спяваюць з прысады, часам і ў паветры, робячы 'свечкі', але, канешне, не завісаюць, спяваючы, над палямі як гэта робяць палявыя жаўрукі.
Ёсць і навокал Гродна некалькі месцаў,дзе можна паглядзець і паздымаць гэтых бясстрашных птушак - менавіта яны падпускаюць машыну на такую адлегласць, якую сабе не дазваляе ніхто іншы з нашых птушак.
Сёлета ў фермы пад Агароднікамі мы заўважылі не менш 5 розных смецюхоў, а адзін з іх не толькі папазіарваў на фоне свежаўзаранага поля, але і паспяваў з даху аднаго з будынкаў. Калі лагічна дапусціць, што самкі сядзяць на кладках або з яшчэ малымі птушанятамі, то гэта былі прадстаўнікі пяці розных пар, што не можа не радаваць.
Ну і ні адзін з жаўрукоў не забываў паглядваць уверх, у неба - мясцовыя шулякі-карагольчыкі таксама жывуць паблізу і таксама хочуць кушаць.
26-04-2020, Гарадзеншчына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ