Ёсць у мяне сябар, які часа ад часу прыдумвае свае словы і вельмі ёмкія, арыгінальныя і кароткія фразы. Такія, што адразу запамінаюцца і хочацца іх выкарыстоўвываць.
Таму, каб коратка апісаць тое, чаму я стаў сведкам каля гарадзкой звалкі, я і вырашыў выкарыстаць менавіта яго слова - 'дуркаваць'.
Двойчы на месяц мы ездзім на звалку, якая знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад горада бліжэй мяжы з Польшчай, назіраць за тамтэйшымі белымі бусламі. Але гэта асобная і вялікая тэма. Зразумела, што акрамя буслоў, там жа харчуюцца і іншыя віды птушак. І сярод іх крумкачы (Corvus corax) - да 2-3 сотняў.
І вось калі я з пагорка назіраў за птушыным жыццём на звалцы, за маёй спіной раздаліся трубныя крыкі шэрых жураўлёў (Grus grus). Я стаў шукаць іх у паветры, мяркуючы, што гэта ляцяць групай маладыя птушкі, якія яшчэ не размнажаюцца. Аднак усё аказалася нашмат цікавей.
Пару журавоў пераследавалі некалькі крумкачоў! Хутчэй за ўсё, яны так гулялі з імі, і спачатку пара трымалася разам, а на іх 'нападалі' 3-4 крумкача. Журавы час ад часу крычалі ад агіды ці па іншай прычыне. А потым журавы сталі лятаць па-асобку, і тады побач з імі засталіся і паасобныя крумкачы:
https://youtu.be/qgaHY0Q50KE
Праз хвіліны 3-4 і жураўлі сталі 'нападаць' на крумкачоў - каб тым не казалася, што яны могуць рабіць усё беспакарана. Паступова журавы падымаліся вышэй і праз хвілін 5-6 крумкачы ад іх адсталі.
02-05-2020, Гарадзеншчына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ