Усё больш пар сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) выбіраюць для гнездавання нішы на шматпавярховіках у нашых гарадх.
І Гродна, канешне, не выключэнне. З гэтым іх выбарам звязаны не толькі перавагі для сакалоў, якія самі гнёзд не будуюць, але і праблемы. Адна з асноўных у тым, што птушаняты, якія вылятаюць, ці хутчэй выпрыгваюць з гнязда ў новы для іх свет, часам апынаюцца у дварах дамоў у самых непадыходзячыхдля гэтага месцах. Там, акармя коцікаў і сабачак, ездзяць машыны і з канца чэрвеня і ў пачатку ліпеня я амаль штодзень тлумачу па тэлефоне неабыякавым людзям, што найлепш для ўсіх у падобных сытуацыях або занесці і выпусціць птушку на дах бліжэйшага да месца знаходкі дома, або хаця б на казырок пад'езда. Дарослыя птушкі выдатна бачаць сваіх птушанят зверху, знойдуць іхі будуць дакармліваць яшчэ бліжэйшыя тыдні перш, чым маладыя сокалы навучацца паляваць і пачнуць самастойнае жыццё. А каб бацькі не забывалі свае абавязкі, маладыя птушкі сочаць за небам над імі і крыкамі прыцягваюць да сябе ўвагу, так што падсадзіць птушак у бяспечнае адкрытае месца - найлепшы для ўсіх варыянт.
Але не заўсёды так атрымліваецца. Часам людзі прыносяць знойдзеных маладых сакалоў у Гродзенскі заапарк. Тут працуе выдатная каманда ветэрынараў і яны зробяць усё магчымае, каб дапамагчы дзікім жывёлам у якіх ёсць нейкая праблема. Але у сакалоў праблем няма - акрамя той, што яны апынуліся не ў той час не ў тым месцы. У іх нічога не пашкоджана, іх не трэба лячыць. Таму іх дакармліваюць у каранцінным корпусе, а што з імі рабіць далей - невядома.
І вось учора, дзякуючы дамове паміж ветэрынарным аддзелам Гродзенскага заапарка, Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" атрымалася вярнуць 6 з 7 маладых птушак назад у прыроду. У 7-й казаўся вырваны хвост і яна застанецца ў заапарку пакуль не адрасце новы. Яшчэ аднага сакалёнка з невядомага месца ў горадзе людзі прынеслі літаральна перад нашым прыездам і з-за рэштак пуху на ім мы вырашылі, што яму лепш правесці некалькі наступных дзён у вальеры і падрасціць рулявыя ды махавыя на заапаркаўскай ежы.
Разам з Аляксандрам Красціным, галоўным спецыялістам інспекцыі, мы закальцавалі звычайнымі металічнымі і каляровымі пластыкавымі кольцамі маладых сакалоў і выпусцілі іх на адкрытай прасторы недалёка ад гораду - месцы, дзе гэты від звычайна палюе.
Зразумела, што шанцы навучыцца паспяхова паляваць самастойна ў маладых птушак без навучання дарослымі меншыя, але гэта і так аптымальнае выйсце з сытуацыі. А дзякуючы кольцам мы зможам больш даведацца пра іх далейшы лёс. Прыклад маладой пустальгі з Брэста, якую праз нейкі час злавілі на поўначы Лівііі дзякуючы каляроваму кальцу і паведамленню ў фэйсбуку пра яго мы змаглі даведацца пра гэтае незвычайнае падарожжа, сведчыць пра магчымае паспяховае выжыванне падобных птушак.
06-07-2021, Гродна і наваколле.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ