Пачалася гэта гісторыя не зусім звычайна. Польская фірма Interrex - rings & telemetry, якая вырабляе каляровыя кольцы і з нядаўняга часу спадарожнікавыя перадатчыкі для птушак, паведаміла пра тое, што 26.03 праз Беларусь ва Украіну праляцела дэлавэрская чайка (Larus delawarensis) з іх перадатчыкам, новы від для нашых краін. Падрабязней пра гэта ТУТ:
Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі
Здавалася б, што шанцы яе ўбачыць на ўласныя вочы з'явяцца - калі ўвогуле - няхутка, бо чайка штогод прылятае зімаваць на паўночны ўсод Польшчы на прыканцы лета ці ў пачатку восені і тады і можа паляцець назад праз Беларусь.
Але чайка вырашыла інакш і 30.03 яна ўжо адпачывала пасля затокі Дняпра ў Кіеве ... на Сажы ў Гомелі!
На наступны дзень яе знайшоў з дапамогай мясцовай бёрдуотчаркі Андрэй Барадзін, але не там, дзе яна начавала на Сажы, а на штучным возеры Валатоўскае, што на ўскрайку горада на месцы былых кар'ераў. Менавіта туды яго адвезлі і там чайка і знайшлася-трымалася. На наступны дзень яе на тым жа пляжы ўбачылі калегі з Барысава, і пасля размовы з братам вырашылі праверыць сваё шанцаванне і мы. Выязжаць запланавалі а 7й раніцы з Мінска. А гэта больш за 300 км у адзін бок. Плюс яшчэ каля 300 км трэба праехаць мне, каб трапіць з Гродна ў Мінск.
Так далёка каб убачыць новы для Беларусі (і для сябе) від я дабіраўся раней толькі аднойчы – у 2013 годзе гэта быў пласканосы плывунчык у Новалукомле. Тады пашанцавала, хаця ўпэўнена сказаць, што падобныя залётныя віды будуць "чакаць" вас, канешне, нельга.
І вось увечары ў нас у Гродна пайшоў вясновы снегапад, які скончыўся толькі за 50 км да Мінска, але за ноч мог прасунуцца значна далей. Так і атрымалася - зранку Мінск быў пад снегам ( Што адбываецца ў Гомелі? Можа таксама снег? Як на яго адрэагуе чайка? Застанецца дачакацца пагоды каб ляцець некуды далей, ці наадварот, адляціць цяпер каб не трапіць у непагадзь і не чакаць невядома колькі часу?
Прыкладна за 50 км да Гомеля снег змяніўся на дождж, а яшчэ прыкладна праз гадзіну мы сядзелі ў машыне на стаянцы для аўто зверху над патрэбным нам пляжам і бліжэйшая ж да нас чайка аказалася дэлавэрскай! Дождж і не думаў заканчвацца і мы пайшлі пад ім, спускаючыся на новапакладзенай плітцы і хаваючыся за нядаўна ўсталяваныя кабінкі для распранання да яе каб лепш сфатаграфаваць. Чайка ж вырашыла трымаць бяспечную ад нас дыстанцыю і адбегла, хаця і недалёка:
Аказалася, што выглядае яна троху большай за шызую, якія, акрамя чаек-рыбачак, таксама былі на пляжы. Акрамя яўнай цёмнай палоскі на дзюбе (ад яе пахозіць ангельская назва віда - Ring-billed gull), яе сілуэт нагадваў усё ж не шызую чайку, а большых памерамі клыгуна і рагатуху больш акруглай галавой, больш доўгімі нагамі і шыяй у параўнанні з шызай (галава апошняй для параўнання на апошнім здымку ў серыі), а таксама больш доўгай і моцнай дзюбай.
Яшчэ аказалася - што таксама бачна на здымках, што на чайцы не заўсёды бачнае каляровае пластыкавае кальцо і перадатчык на спіне. Апошні колерам і памерамі зусім не кідаецца ў вочы. Пасля першай уданай фотасерыі мы вырашылі вярнуцца ў машыну і перачакаць дождж, але калі вярнуліся на пляж прыкладна праз паўгадзіны пад тым самым дажджом, дэлавэрскай чайкі на ім ужо не было. І паназіраўшы за сацыяльным жыццём чаек-рыбачак і іншымі відамі, мы паехалі назад. У Мінску спідометр паказаў, што за дзень мы праехал дакладна 650 км + мае 2 х 300 з Гродна і назад і далі ў выніку новы для мяне від - лайфер і гэтыя фота і відэа ўспаміны.
02-04-2022, Гомель
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ