Не ведаю дакладна што - хутчэй за ўсё яркі і сонечны дзень - прымусіла мяне пайсці пашукаць птушак бліжэй да вечара. Для гэтага я перайшоў па масту на другі бераг ракі і не паспеў перайсці мосцік праз ручаіну, якая самастойна ўпадае ў Нёман у самым пачатку скверыка, як зверху пачуў ціхія, але выразныя пазыўкі чорнагаловых шчыгелаў (Carduelis carduelis). Аказалася, што на высокіх вольхах, якія растуць па абодва бакі (берагі) ручая, харчуюцца іх насеннем не чыжы, як гэта бывае звычайна, а менавіта шчыгелы!
Птушак было некалькі і яны спачатку трымаліся так высока, што прыходзілася шукаць іх амаль вертыкальна трымаючы аб'ектыў і ракурсы на фоне рэштак лісця і яркага блакітнага неба былі не вельмі цікавыя. А вось калі я трошкі падыйшош наперад і стаў абапірацца для надзейнасці на вырасты тоўстага свала адной з таполяў, птушкі спусціліся да шышачак вольхаў ніжэй і як раз за імі фон стаў з блакітна-зялёнага ярка-жоўтым, амаль залатым. Такім яго зрабіла яшчэ неапалае лісце іншых таполяў і сонца, якое як раз аказалася насупраць мяне і птушак.
І так атрымалася мая самая яркая фота-серыя з птушкамі як мінімум за апошні год.
Гродна, 01-11-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ