Як папугаі-інтрадуцэнты вынішчаюць рэдкіх мясцовых кажаноў

Яшчэ параўнальна нядаўна лічылася, што папугаі-інтрадуцэнты ў Еўропе не аказваюць значнага негатыўнага ўздзеяння на мясцовую фауну. Аднак апошнія даследаванні, праведзеныя ў Гішпаніі, паказалі, што гэта далёка не так. У адной з найбольшых гнездавых калоній мясцовых кажаноў у Севільлі папугаі не толькі атакавалі кажаноў у іх прыбежышчах-дуплах, але і выкідвалі з іх ці нават забівалі.

На прыканцы мінулага стагоддзя ў адным са старых паркаў ў Севільлі (Seville) утварылася вялікая калонія гіганцкіх вячэрніц (Nyctaluslasiopterus), прычым паводле ўлікаў, праведзеных Doñana Biological Station, паміж 2003 і 2017 гг адбылося рэзкае змяншэнне колькасці дрэваў, якія гэтыя вялікія кажаны выкарыстоўваюць для днёвак – ажно на 81%. У той самы час там жа вырасла колькасць гняздуючых кольчатых папугаяў Крамера  (Psittacula krameri) -  інтардуцэнтаў з Індыйскага субкантыненту і Усходняй Афрыкі.

Акрамя гэтага, навукоўцы назіралі за тым, як папугаі, якія важаць прыкладна 120 грамаў, выганяюць або выкідваюць з дуплаў і шчылін дрэваў кажаноў, якія важаць каля 50 грамаў. Папугаі нападалі на кажаноў удзень, прымушаючы іх вылятаць з укрыццяў у неспрыяльны для іх час. Пад некалькімі дупламі было знойдзена 20 ужо мёртвых і два моцна параненых кажана.

За час правядзення даследавання колькасць папугаяў, якая была параўнальна невялікай з пачатку 2000-х гадоў да 2013, потым павялічылася за чатыры наступныя гады на 96%. За гэтыя ж час колькасць гіганцкіх вячэрніц зменшылася на 70%, а з 2003 г. – на 81%, амаль дакладна адлюстроўваючы павелічэнне там папугаяў. За 15 гадоў колькасць дуплаў, якія пастаянна выкарыстоўваюць вячэрніцы для начлегу зменшылася з 47 да 14, а колькасць дуплаў, дзе гняздуюць папугаі павялічылася са 159 да 311.

Паводле апошніх дадзеных, апублікаваных Брытанскім арніталагічным трастам (BritishTrustfromOrnithology), толькі ў Вялікабрытаніі цяпер налічваюць да 8600 пар папугаяў гэтага віду. Цяпер, згодна з назіраннямі гішпанскіх навукоўцаў вядома, што папугаі вельмі агрэсіўна адносяцца да канкурэнтаў, якія могуць або займаюць тыя ж дуплы, што маглі б для гнездавання выкарыстаць яны.

І хаця смяротна небяспечныя для абарыгенных відаў птушак-дуплагнёзднікаў сутычкі з папугаямі пакуль не назіраліся, вельмі магчыма, што гэта толькі справа часу і павелічэння колькасці папугаяў да нейкай крытычнай рысы.

 

Крыніца:

Hernández-Brito, D, Carrete, M, Ibáñez, C, Juste, J, and Tell, J L. 2018Nest-site competition and killing by invasive parakeets cause the decline of a threatened bat populationThe Royal Society Open Science DOI: 10.1098/rsos.172477.

Паводле www.birdguides.comпадрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Шакала

 

 

На гэтую тэму:

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

ІНТРАДУКАВАНЫЯ ПАПУЛЯЦЫІ ПАПУГАЯЎ МОГУЦЬ ДАПАМАГЧЫ АБАРЫГЕННЫМ

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай