Дэталёвыя разлікі сучасных тэмпаў знікнення для спецыфічнага рэгіёну былі зробленыя ўпершыню і паказалі, што птушкі ёсць найлепшай групай, каб прасачыць памер стратаў. Атрымалася, што Брытанія страчвае біялагічныя віды ў дзесяць разоў хутчэй, чым лічылася да гэтага.
Даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Оксфардзкага ўніверсітэту паказала, што многія групы арганізмаў знікаюць на Брытанскіх астравах у тым жа тэмпе, што і птушкі. Гэта яшчэ адно пацверджанне тэорыі масавых глабальных знікненняў на нашай планеце. Хуткасць знікненняў, напэўна, павялічваецца ўвесь час і цяпер для Брытаніі яна складае прыкладна адзін від на працягу кожных двух тыдняў.
Выкарыстоўваючы дэтальныя назіранні прыроды і рэгістрацыі для Вялікабрытаніі, навукоўцы знайшлі, што паміж 1 і 5% відаў, распаўсюджаных у рэгіёне, былі страчаныя ў розных таксонах з 1800 году, пры чым тэмп знікненняў павялічыўся ў ХХ стагоддзі ў параўнанні з ХІХ.
Параўноўваючы атрыманыя ацэнкі з дадзенымі для ЗША і іншых частак Зямлі, даследчыкі паказалі, што характар знікненняў відаў, знойдзены на Брытанскіх астравах, выглядае тыповым і для іншых частак Свету для наземных і салодкаводных экасістэм.
У сакавіку сёлета брытанскі дзяржаўны дарадчы орган, Natural England, паведаміў пра прыкладна 500 відаў раслін і жывёл, якія страціла прырода Вялікабрытаніі з 1800 году. Такім чынам, доля стратаў атрымалася каля 0,5% ад апісаных для краіны відаў за стагоддзе, якіх вядома каля 55 тысяч.
"Страта біяразнастайнасці – нашмат большая пагроза і больш доўгачасовая, чым змена клімату.” – сказаў Клайв Хэмблер (Clive Hambler) з факультэту заалогіі Оксфардзкага ўнівесітэту, адзін з аўтараў даследавання. "Аднак без дакладных ведаў наконт тэмпаў знікненняў немагчыма праверыць, ці палітыка, накіраваная на змяншэнне стратаў біяразнастайнасці, дасягае гэтых мэтаў”.
"Дагэтуль мы мелі толькі вельмі агульныя ацэнкі для абмежаванай колькасці таксонаў. Цяпер мы ведаем, што многія групы арганізмаў: лішайнікі, жукі, начныя матылі, рыбы, расліны і г.д. – знікаюць у вельмі падобным тэмпе, што і птушкі.”
Сп-р Хэмблер сказаў таксама, што птушкі вельмі адчувальныя на змены, якія адбываюцца ў іх асяроддзі – такія, як знішчэнне чалавекам старых дрэваў, асушэнне забалочаных тэрыторый або забудова ўзбярэжжаў. Іх параўнальна лёгка вывучаць па ўсяму Свету, таму мы можам убачыць змены ў іх папуляцыях задоўга да таго, як пачнуць адбывацца незваротныя змены ў іншых групах жывых істотаў – такіх, як мхі ці слізевікі.
"Галоўная прычына таго, што падобныя тэмпы знікненняў адбываюцца ў птушак і ў іншых таксонах гэта тое, што страты месцапражыванняў адбіваюцца аднолькава на магчымасці розных жывых істот існаваць у такім асяроддзі. Наша праца пацвердзіла ўжо існуючыя падыходы, паводле якіх птушак можна выкарыстоўваць як індыкатараў тэмпаў знікненняў у Вялікабрытаніі, ЗША і паўсюль на Свеце. Цяпер трэба іх праверыць у такіх месцах, як трапічныя лясы, дзе большая частка відаў з іншых таксонаў дагэтуль не апісаная.” – падкрэсліў сп-р Хэмблер.
Даследаванне апублікаванае ў часопісе Biological Conservation.
Балотны лунь амаль знік у Вялікабрытаніі. Здымак Мікалая Гулінскага.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.
Сохранение биоразнообразия станет возможным?
Тысячы новых відаў адкрыты на працягу аднаго году
Рыжая чапля ўпершыню вывела птушанят у Вялікабрытаніі Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі Крах папуляцыі заходняга салаўя ў Вялікабрытаніі Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ