Чаму пінгвіны перасталі лятаць

 Новае даследаванне паказала, што страта здольнасці да палёту адбылася галоўным чынам з-за таго, што пінгвіны павінны былі траціць шмат энергіі на падводнае паляванне і пазбяганне драпежнікаў. 

Пінгвіны страцілі здольнасць да палёту дзесяткі мільёнаў гадоў таму, калі ў іх усталяваліся адаптацыі да нырання і плавання. Артыкул у часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences сцвярджвае, што плаўнікі не вельмі пасуюць да лятання. 

Аднак такія зразумелыя і яўныя высновы павінны былі быць даказаныя. Для гэтага навукоўцы мералі расход энергіі ў чысцікавых – сямейства, прадстаўнікі якога знаходзяцца на шляху страты здольнасці да палёту, аднак яшчэ могуць уздымацца ў паветра. 

"Як толькі пінгвіны перасталі ўзлятаць, напэўна, змены ў структуры крыла і агульных суадносінах і форме цела адбываліся вельмі хутка, таму што лятанне больш не абмяжоўвала марфалогію птушак” – сказаў адзін з сааўтараў работы Робэрт Рыклефтс (Robert Ricklefs). "Пінгвіны апынуліся пад нашмат большай пагрозай ад драпежнікаў у вадзе, чым на сушы. Таму натуральны адбор ціснуў менавіта на ўдасканаленне здольнасці да плавання і нырання”. 

Аднак чаму пінгвіны былі вымушаныя страціць здольнасць да палёту канчаткова? Самы вялікі сучасны від пінгвінаў – імператарскі – пераадольвае пешшу нават некалькі кіламетраў ад акіяну да месца, дзе знаходзіцца яго гнездавая калонія і назад для харчавання. Палёт зрабіў бы гэты працес нашмат хутчэйшым. 

Чысцікавыя карыстаюцца як сваімі здольнасцямі да палёту, так і выдатна плаваюць і ныраюць. Каб зразумець іх расход энергіі, 41 танкадзюбая кайра (Uria aalge) атрымала адмысловыя перадатчыкі, якія мералі расход энергіі ў іх рэальным жыцці. Паводле атрыманых вынікаў, кайры выкарыстоўваюць надзвычайна шмат энергіі каб узняцца ў паветра ў параўнанні з усімі вядомымі іншымі лятаючымі жывёламі падобных памераў. Гэта з’яўляецца цяжкім кампрамісам паміж паветраным і водным ладам жыцця: птушкі, якія вымушаныя лятаць, трацяць некаторыя магчымасці, якія аблягчаюць плаванне і ныранне і наадварот. У выпадку пінгвінаў, яны цалкам страцілі здольнасць да палёту і іх крылы ператварыліся ў сапраўдныя плаўнікі, падобныя формай да плаўнікоў кітападобных ці ластаногіх. 

Даследчыкі сцвярджаюць, што продкі пінгвінаў, магчыма, нагадвалі сучасных чысцікавых паводзінамі і знешнім выглядам, і што іншыя нелятаючыя птушкі – напрыклад, галапагоскі баклан ці бяскрылая гагарка маглі страціць здольнасць да палёту падобным шляхам. Іншыя нелятаючыя птушкі – напрыклад, безкілевыя, маглі страціць здольнасць да палёту “ў абмен” на здольнасць да хуткага бегу. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак пінгвіна Адэлі Ўладзіслава Мяміна

 

На гэтую тэму:

ІМПЕРАТАРСКІХ ПІНГВІНАЎ ПАДЛІЧЫЛІ З КОСМАСУ

Як пінгвіны ведаюць, калі вынырваць?

Спадарожнікам дапамог ... памёт пінгвінаў!

Імператарскі пінгвін з Антарктыды апынуўся ў Новай Зеландыі

 

 

 

 

Comments