Грайна: вялікія перспэктывы невялікага балота?

    Тыдзень таму, ў мінулую суботу (10.10), мы пасьля доўгага перапынку зноў паехалі на Грайна. Так мы называем нізіннае балота ў пойме ракі Сьвіслач, якое амаль цалкам увайшло ў заказьнік мясцовага значэньня “Сьвіслач”, але, хіба, не мае мясцовай назвы. Менавіта тут жыве і гняздуе асноўная папуляцыя вяртлявай чаротаўкі на Гарадзеншчыне (паміж 40 і 80 самцамі ў розныя гады).

    Высокі ўзровень вады ў гэтым чэрвені даў магчымасьць налічыць на абодвух частках балота, аддзеленых паміж сабой адміністратыўна (меншая чатска знаходзіцца ў Гарадзенскім, а большая – ў Бераставіцкім раёне) і шашой, не больш за 40 сьпяваючых самцоў. Часам яны сьпявалі нават там, дзе самкі проста фізічна не маглі б зрабіць гняздо (якое ладзіцца ў аснаваньні купіны асакі), бо вада стаяла значна вышэй за аснаваньне асаковых купін.
Мы – гэта я, мая жонка Алена, Кіолк і Алег Созінаў – найлепшы гарадзенскі геабатанік, які ў гэтым годзе разам са сваімі студэнтамі дэталёва дасьледаваў расьлінны склад балота.
   Асноўная мэта нашай паездкі была на мясцовасьці паглядзець і пазначыць на мапе тэрыторыі, якія варта было б рэнатуралізаваць – г.зн. пры падвышэньні ўзроўня грунтовых водаў яны паступова маглі б вярнуцца да свайго стану перад прыкладна 1950мі гадамі, калі пойма Сьвіслачы была асушана. Як аказалася, такая магчымасьць – хоць і, напэўна, не вельмі вялікая – існуе.
   Надвор’е не спрыяла бёдуотчынгу – йшоў дробны дожджык, часам пераходзячы ў мжавку – так палякі называюць зусім дробныя кроплі, больш падобныя да туману, якія вісяць у паветры.
Найперш мы з машыны палюбаваліся на разнакаляровыя кавалкі балота, а потым праз в.Ярмолічы паехалі ўпершыню паглядзець на кавалак заказьніка за в.Жукевічы. Вёска аказалася невялічкай, стаіць на высокім беразе Сьвіслачы, пры падыходзе да ракі на высокім рукатворным пагорку стаіць знак (гл.здымак), што тут пачынаецца заказьнік. Супрацьлеглы бераг нізкі і зарос трысьнягом, наш высокі даволі строма апускаецца і таксама зарос тырсьнягом, праз які ідзе канал з альховага ляску. За ім адкрылася невялікая паша для коняў, на якйо амаль усё было з’едзена, але менавіта тут нас  ічакаў галоўны сюрпрыз. Да ракі сьцякала вада з некалькіх крынічак, утвараючы невялікую ручаінку. Тут Алег і знайшоў даволі вялікую колькасьць чырвонакніжнай воднай расьліны Сіелы (або берулы) прамой (Siella erecta) з сямейства Сельдзярэйных.  Расьліна пранікла і ў рэчку, з якой, напэўна і ў абвадныя каналы балота (дзе Алег сёлета знайшоў яе раней).
   Птушак было шмат, перамяшчаліся яны больш вялікімі групамі: шпакі, сініцы, дразды (на вёскай я заўважыў нават каля 20-30 драздоў-сьепвакоў!), крумкачы і нават кнігаўкі. Апошніх мы адзначылі 3 групкі па 3-20 птушак, разам каля 40. Крумкачы то зьбіраліся разам, то разьляталіся па пойме. Адна двойка ці то іграла, ці то ўжо прыставала адна да адной. Робячы выпады і пералятаючы з места на месца. Праз трубу мне пашчасьці ла назіраць цікавы момант: адзін з крумкачоў схапіўся дзюбай за сухую і даволі тоўстую галінку сухога дрэва і павіс на ёй, троху ўзмахваючы крыламі. На жаль, гэты момант мне засьняць ен ўдалося, аднак такі папугайскі вычын мяне ўразіў – не ведаю, як другую птушку, якая сядзела трошкі вышэй (гл.здымак).
    З драпежнікаў адзначылі канюхоў (да віду не вызначылі, бо было цемнавата і далекавата), а таксама ў бок вёскі паляцеў самец шуляка-карагольчыка.
Не прыемна ўразілі адносіны аднаго з мясцовых калгасаў да сваіх абавязкаў і балота. Яны не толькі ўжо каторы год засейваюць былы кавалак балота, парослы боль шматгадовымі травамі, але сёлета проста звалілі парэшткі (салому) ад проса проста ў ..балота!
 

На адваротнай дарозе зрабілі здымачкі на памяць аб вясёлай вёсцы Казлы.
 

Мапу для магчымай рэнатуралізацыі мы зрабілі. Што з гэтага атрымаецца – паглядзім ужо ў бліжэйшай будучыні.

Фотаздымкі

Каментары

Дык тая вёска, як і сапраўдныя казлы, якія ў ёй жывуць - зусім не так і далёка ад балота. Таму сумненьняў у тым, што казлы працуюць у мясцовым калгасе і зрабілі гэта - няма.

АV (госць) - 17.10.2009 - 23:54

канешне самакрытычна з их боку, але я щсёж маю надзею, што людзи не сами дадумалися закидаць балота саломай, а им загадали, ну выкруцили руки. Дарэчы гэта ж смецце і трэба прасігналізіраваць кіраўніку інспекцыі, пакуль да саломы не дадалі бутэлькі і паперу...