Тысячу кіламетраў за адзін дзень

    На самым пачатку лістапада, каб выканаць абяцанае, мне разам з сябрам і кіроўцам Юрай Лукашэнкам прыйшлося праехаць у сваёй машыне самы працяглы маршрут у маім жыцьці, седзячы ў машыне.
Ў аўтобусе я, напэўна, пераадольваў і болей. Але вось так, амаль не засыпаючы, сядзець каля кіроўцы 13 гадзін – давялося ўпершыню. Маршрут наш ляжаў з Горадні, праз Астравеччыну (дзе мы хацелі пакінуць абяцаную фотавыставу “Нашы птушкі-2009” у в.Варона) ў Шуміліна на Віцебшчыне, дзе нас чакалі прадстаўніцы Шумілінскага раённага аддзяленьня АПБ.


    Дзень выдаўся сонечны, хаця і ветраны. З ранку і да абеду трымаўся мароз. Таму амаль усе вадаёмы па дарозе былі пакрытыя лядком, і толькі вялікія азёры ды сажалкі з якіх выцякала-ўцякала вада, мелі яе не ў замерзлым стане.
Птушак па дарозе было не шмат. Асноўны кантынгент саставілі сойкі, якія па адной-дзьве і нават 3-4 адляталі з абочыны дарогі перад самай машынай. Напэўна, гастраліты зьбіраюць. Адразу за імі па колькасці сустрэч і таксама амаль паўсюль ідуць крумкачы. Тыя часцей сустракаліся на ўзбочынах лесу або на палях. Іншых крумкачовых амаль не было: сарокі на ўскрайку Полацка і некалькі варон.
    У Ашмянах на плыні рэчкі Ашмянкі адзначылі неаклькі качак-крыжанак, у в.Варона – групу з 3 дарослых і 4 маладых лебедзяў-шыпуноў, яшчэ 4 птушкі ляцелі над полем недзе на Віцебшчыне.
Канюхі, не вызначаныя да віду сустракаліся ўжо ў зусім невялікай колькасці – 5 птушак і палявалі над палеткамі.
Але за тое мы сустрэлі і сфатаграфавалі не менш цікавую з’яву: назвы птушак у назвах вёсак. Аказалася, што іх даволі шмат. Найчасьцей – бо 3 разы за гэтую паездку – сустрэлі Вароны плюс адзін з нашых прыпынкаў называўся той жа птушкай, але ў адзінкавым ліку - в.Варона. Недалёка ад яе, прыкладна км у 7-8 ужо поўных ходам рыюць катлаван і будуюць пад’язныя шляхі для АЭС. Хаця афіцыйнае рашэнне пра выбар менавіта гэтай пляцоўкі яшчэ не прагучала з вуснаў самага вялікага знаўцы мірнага атаму, будаўнікі не надта гэтым засмучаны – па дарозе ездзяць (не самыя вялікія) белазы, а ў самай дарогі з Вароны на Нарач капаюць бульдозеры. Самі ж будаўнікі працуюць тут вахтавым метадам па тыдню, жывуць у бліжэйшых вёсках, а прыязжаюць з усёй Гарадзеншчыны. А што, закапаць народныя грошы ў нашы дні зусім не цяжка… Ўсё гэта навеяла некалі прачытаны раман футурыста Хлебнікава пад такой жа назвай: “Катлаван”. Маю надзею, што і на Астравеччыне далей гэтага не пойдзе…
Потым  2 разы былі Вараб’і, ну і па разу іншыя птушкі (гл. здымкі).
Сустракаліся і іншыя анімалістычныя назвы. Напрыклад, Жабінка ці Жабры, ці нават Ваўкі. Аднак птушыныя сустракаліся найчасьцей.
   Прапаную працягнуць гэтую тэму і паспрабаваць сфатаграфаваць усе птушыныя назвы вёсак у Беларусі. Цікава – якія ж з птушак былі найбольш папулярнымі для назваў паселішчаў для нашых продкаў?

Птушыныя вёскі
Капліца ў Вароне ля сажалкі з лебедзямі
Тут будзе АЭС?

Фотаздымкі

Каментары