Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO

 

Учора пасля абеду, калі я сядзеў на рабоце і вылічваў сярэдні бал па заалогіі хрыбетных сваіх студэнтаў, мне патэлефанаваў брат Аляксандр: “Чуў сенсацыю?” – “Не, а што здарылася?” – “Новы від адзначылі ў Беларусі!”  І хутка я ўжо ведаў падрабязнасці незвычайнага адкрыцця кучаравага пелікана (Pelecanus crispus), які затрымаўся на Чыгірынскім вадасховішчы, што на Магілёўшчыне.

А было ўсё наступным чынам. Распавядае Сяргей Зуёнак, арнітолаг і вялікі аматар рыбалкі: “Учора мне патлефанаваў калега-рыбак, Аляксандр Розін і сказаў, што пад час спаборніцтваў па лоўлі на мармышку на вадасховішчы яны ўбачылі … пелікана! І не толькі ўбачылі, але і сфатаграфавалі на тэлефон. Фота вісіць на ФБ, каб я глянуў. Я паглядзеў – на ім пелікан як пелікан, зняты здалёк, плавае. Я і падумаць не мог, што гэта новы від для краіны будзе. І сказаў яму, што так, пелікан. Але яны да нас час ад часу залятаюць. Потым падумаў, што можа некаму з нашых бёдуотчараў гэта можа быць цікава і пераслаў спасылку на здымак Аляксандру Вінчэўскаму. Ён ужо фота павялічыў і прызнаў на ім кучаравага пелікана”.

Насамрэч, два віды пеліканаў – ружовы (Pelecanus onocrotalus), які зрэдку адзначаецца ў нас, і кучаравы, вельмі падобныя і добра адрозніваюцца або зблізку па адсутнасці голай скуры вакол вока, больш яркаму аранжаваму паддзюбб’ю і невялікаму чубіку ў кучаравага, ці параўнальна лёгка, але ў палёце. Ружовы пелікан мае шырокія чорныя палосы на махавых і на знешніх апахалах пер’яў, і на ўнутраных, а кучаравы – толькі на знешніх. Таму здымак пелікана ў палёце, зроблены Аляксандрам Розіным, значна аблегчыў яго правільнае вызначэнне.

Сёння, каб паглядзець на новы для краіны від, з Мінску адправілася міні-экспедыцыя ў складзе пяці арнітолагаў і бёдуотчараў, некаторых з удзельнікаў паспяхова характарызавалі абедзьве гэтыя характарыстыкі.

Падчас 200 кіламетраў, якія яны праехалі ад Мінскай кальцавой да вёскі Чыгірынкі, што ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны, нагледзеліся на розныя вынікі дзейнасці цыклону Даніэла: паламанаыя дрэвы і агароджы аўтастрады, абледзянелыя ўшчэнт ўказальнікі.

Але ўсё гэта не стала перашкодай, каб урэшце забрацца на дамбу вадасховішча, з якой апошні раз рыбакі і бачылі пелікана. Адзін з прыбылых, Сямён Левы, адчуваў нешта яшчэ загадзя і сам адразу пайшоў праверыць рэчку. “Менавіта ў яго і атрымался ўбачыць пелікана і сфатаграфаваць яго бліжэй. Адтуль ён і патэлефанаваў нам. Але потым птушка пераляцела і мы назіралі яе здалёк праз снегапад” – распавёў Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і адзін з чальцоў міні-экспедыцыі “на пелікана” і аўтар гэтага відэа:

 

Кучаравы пелікан, негледзячы на параўнальна вялікі і разарваны арэал ад Балканаў праз Чорнае, Каспійскае і Аральскае моры, Малую Азію і Блізкі Усход (Персідзкі заліў), Казахстан і Манголію да Кітая, распаўсюджаны лакальна ў асноўным у дэльтах вялікіх рэк. Там від утварае вялікія гнездавыя калоніі на астраўках, сплавінах або ў трыснягу. Пад час сезонных пералётаў і качовак маладых і дарослых птушак залятае ў многія краіны Еўропы. Але ў нашых суседзяў – літоўцаў – кучаравы пелікан упершыню быў адзначаны толькі ў траўні і летам мінулага году. Некаторыя назіральнікі з гэтай краіны пішуць, што “наш” пелікан як раз можа быць “літоўскім”, які пераляцеў некалькі сотняў кіламетраў і зазімаваў на Чыгірынскім вадасховішчы на радасць нашым бёдуотчарам.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія зацвердзіць гэтыя назіранні, то кучаравы пелікан (пры ўмове зацверджання больш ранніх назіранняў трох новых для нашай краіны відаў птушак, якія адбыліся з канца 2014 да канца 2015) ушчыльную наблізіць беларускі Спіс птушак да 330, бо стане тады 329 відам нашай арнітафауны.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Аляксандра Розіна

 

На гэтую тэму: 

 

ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ ПТИЦ, ОТМЕЧЕННЫХ В БЕЛАРУСИ В 2015 ГОДУ

Новы для Беларусі від птушак адзначаны на Нёмане ў межах Гродна

Новы для Беларусі від птушак заляцеў у арніталагічны заказнік на Гарадзеншчыне

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ПЯЧУРАЎКА-ЗАРНІЧКА – АДЛЯЦЕЎ З УЛАСНЫМ КАЛЬЦОМ

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК ЗАЛЯЦЕЎ У АРНІТАЛАГІЧНЫ ЗАКАЗНІК НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ

БОФК: В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ СТАЛО 325 ВИДОВ - ДОБАВИЛИСЬ 4 И ИСКЛЮЧЕНЫ 2

ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?

РЕДКИЕ ВИДЫ ПТИЦ В ПОЛЬШЕ И ЛИТВЕ В 2014 ГОДУ: КТО ОТМЕЧЕН У СОСЕДЕЙ?

 

Comments

Таксама аператыўна змясціў "Новы час" (novychas.by). Але мне не зразумела, чаму 229-ы від "ушчыльную наблізіць беларускі Спіс птушак да 330"? Мо ўсё-ткі да 230? А на news.tut.by/culture/480390.html сказана, што кучаравы пелікан будзе 326-м відам...

Наконт лічбаў: па часе адкрыцця 326-ы від - гэта пячураўка-зарнічка.

Нават калі амерыканскую свіцьву не зацвердзяць, бо на гэта ёсць сур'ёзныя аснаванні, 327-м відам будзе караткадзюбая гуменніца, якую паляўнічыя застрэлілі і сфатаграфавалі вясной 2015-га. Плюс увосень я назіраў на Нёмане 2 птушак.

Так што 328 ці 329-м будзе кучаравы пелікан. Вось.

У суботу выбіраемся з Гродна на машыне глядзець пелікана. Едзем праз Менск. Усё яшчэ ёсць 2 вольныя месцы з 7. Канешне, калі іншая група (з Менску) пацвердзіць у пятніцу, што ён месцы.