Нашы птушкі вяртаюцца з тропікаў, каб пазбегнуць тамтэйшых хваробаў?

У сваёй нядаўна апублікаванай рабоце даследчыкі з універсітэту Лунда (Швецыя) не толькі вызначылі месцапаходжанне нашых пералётных птушак, але і ўпершыню паспрабавалі растлумачыць вялікія адрозненні ў імуннай сістэме трапічных птушак у параўнанні з пералётнымі і аселымі ва ўмераным клімаце.

Прааналізаваўшы генеалогію больш за 1300 відаў спяваючых вераб’іных, арнітолагі сцвярджаюць, што і пералётныя птушкі, якія зімуюць у трапічнай або экватарыяльнай Афрыцы, і аселыя віды, якія на зіму застаюцца ў Паўночнай Еўропе, паходзяць ад афрыканскіх продкаў.

Натуральны адбор паступова прывёў да таго, што тыя птушкі, якія адлятаюць гнездаваць у Еўропу, маюць значна больш простую імунную сістэму. Адбылося так з-за таго, што ва ўмераным клімаце нашмат менш разнастайнасць розных хваробаў. І наадварот – каб выжыць у Афрыцы, аселыя там птушкі вымушаныя “падтрымліваць” складаную і энергетычна нашмат больш затратную імунную сістэму.

"Што мяне сапраўды здзівіла дык гэта тое, што імунная сістэма нашых мігрыруючых відаў параўнальна мала разнастайная як і ў тых відаў, якія круглы год застаюцца ў Еўропе. Хаця, здавалася б, пералётныя птушкі сутыкаюцца з хваробамі не толькі “дома”, але і пад час міграцыі, і зімоўкі ў тропіках” – сказала Гелена Уэстэрдал (Helena Westerdahl), адна з сааўтарак публікацыі.

Каб растлумачыць атрыманыя вынікі, шведзкія навукоўцы прапануюць лічыць, што энергетычныя кошты складанай і моцнай імуннай сісітэмы ў птушак насамрэч большыя, чым меркавалі дагэтуль. Адной з адмоўных праяваў такой складанай сістэмы можа быць т.зв. аўтаімунны адказ ці нават хранічныя ўспаленні (chronic inflammation).

Вельмі магчыма, што найбольш небяспечным перыядам сутыкнення з патагенамі для птушак ёсць час першай “сустрэчы” з імі пасля вылуплення. Для пералётных птушак гэты перыяд прыходзіцца на Еўропу, дзе патагенаў параўнальна мала.

На карысць гэтай высновы можа быць знойдзеная нядаўна заканамернасць, што птушкі тропікаў падобных памераў наседжваюць свае яйкі значна даўжэй за падобных птушак ва ўмераным клімаце, якая звязвае гэта з неабходнасцю першых мець больш часу на развіццё больш складанай імуннай сістэмы менавіта ўжо ў птушанят.

"Калі мігрыруючыя птушкі размнажаюцца, яны адлятаюць ад большасці патэнцыйных хваробаў і таму не патрабуюць складанай і каштоўнай імуннай сістэмы. Яшчэ адна перавага - больш просты імунітэт змяншае рызыку аўтаімунных пашкоджанняў арганізму” – сказала Эмілі О’Конар (Emily O'Connor).

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак спяваючага самца кралькі Андрэя Шэўчыка

 

 

 

На гэтую тэму:

ТРАПІЧНЫЯ ПТУШКІ НАСЕДЖВАЮЦЬ ДАЎЖЭЙ, КАБ АБАРАНІЦЦА АД ПАРАЗІТАЎ?

ДЗЯКУЮЧЫ ПТУШЫНЫМ СТАЛОЎКАМ ПТУШКІ МОГУЦЬ ХУТКА РАСПАЎСЮДЖВАЦЬ СВАЕ ХВАРОБЫ

ГАРАДЗКІЯ ПТУШКІ ЖЫВУЦЬ ДАЎЖЭЙ, АЛЕ ІХ ЖЫЦЦЁВЫ ПАТЭНЦЫЯЛ ЗНАЧНА ГОРШЫ

Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак

Comments

Максім (госць) - 25.04.2018 - 16:04

Як часта бывае ў падобных даследванннях пераблыталі прычыну і вынік. Цікава толькі, гэта таму што не дарабілі мазгамі, або наадварот, каб больш публікацый потым было.