Паводле новага маштабнага і доўгатэрміновага даследавання, дзікія птушкі, якія харчуюцца на створаных для іх сталоўках, могуць мець не толькі перавагі перад птушкамі, якія на іх не харчуюцца, але і праблемы - бо такія месцы могуць служыць крыніцамі заражэння рознымі хваробамі. У тым самым нумары часопіса Philosophical Transactions of the Royal Society B з’явіўся таксама артыкул пра небяспеку птушыных сталовак для змены міграцыйных паводзін і заражэння паразітамі.
Масавая прапанова дадатковага харчавання дзікім птушкам у спецыяльных месцах – шырокараспаўсюджаная і папулярная практыка ў многіх краінах. Для Вялікабрытаніі існуюць ацэнкі, што 48% хатніх гаспадарак рэгулярна выкладваюць дадатковае харчаванне для дзікіх птушак. З 1970-х гадоў паступова адбываецца пераход на выкладванне ежы з выключна зімовага да круглагадзічнага.
З-за таго, што на сталоўку пастаянна прылятаюць розныя віды птушак, якія ў прыродзе не сустракаюцца на такой невялікай адлегласці адна ад адной ды яшчэ ў такой колькасці, птушкі могуць перадаваць адна адной розныя інфекцыйныя хваробы. Гэта небяспека толькі павялічваецца, калі на сталоўцы рэгулярна не прыбіраюцца недаедзеныя рэшткі харчавання і памёт птушак.
Даследаванне, якое праводзіла Лонданскае заалагічнае таварыства ZSL у супрацы з Брытанскім арніталагічным трастам (British Trust for Ornithology (BTO)) і кампаніяй Fera Science Ltd, прааналізавала дадзеныя па захворваннях дзікіх вераб’іных птушак, даступныя за больш чым 25-гадовы перыяд. Прычым усе адзначаныя выпадкі аб’ядноўваліся ў тры групы: хваробы, якія выклікаюцца прасцейшымі (трыхаманоз уюрковых), вірусамі (воспа ці поксівірус сініц) і бактэрыямі (сальмонэлёз вераб’іных).
Галоўны аўтар публікацыі, д-р Бэкі Лаўсон (Dr Becki Lawson) з Інстытуту заалогіі ZSL сказала: "Наша даследаванне паказала, як тры найбольш распаўсюджаныя хваробы дзікіх вераб’іных птушак з нашых садоў і паркаў нечакана і непрадказальна распаўсюдзіліся ў апошнія дзесяцігоддзі, прычым як у абсягу відаў птушак, так і геаграфічна.
Як трыхамоноз, так і поксівірус сініц сталі масавымі захворваннямі параўнальна нядаўна і цяпер прынялі характар сапраўдных эпізаотый – настолькі шырока і хутка яны распаўсюдзіліся. Тады як захворванне птушак сальманэлёзам значна зменшылася. Прычына ў тым, што гэтыя захворванні маюць розныя шляхі перадачы інфекцыі і лепшае разуменне дынамікі захворванняў і іх распаўсюджання дасць нам магчымасць выпрацаваць больш эфектыўныя парады для таго, каб нашы птушыныя сталоўкі не станавіліся рассаднікамі небяспечных інфекцый”.
Прыклад распаўсюджання птушынай воспы ў вялікіх і сініх сініц у Вялікабрытаніі, упершыню адзначаны ў 2006 г:
у 2006–2009 (чырвоны колер), 2010–2013 (фіялетавы) і ў 2014–2016 (блакітны):
Навукоўцы прапануюць адразу пасля назіранняў хворых птушак на самой сталоўцы ці каля яе, часова прыпыніць выкладанне харчавання і звярнуцца да ветэрынараў. Больш дэталёвыя парады і прыклады дзеянняў можна знайсці на адмысловым сайце www.gardenwildlifehealth.org.
Крыніца:
Lawson, B, Robinson, R A, Toms, M P, Risely, K, MacDonald, S and Cunningham A A. 2018. Health hazards to wild birds and risk factors associated with anthropogenic food provisioning. Philosophical Transactions of the Royal Society B. DOI: 10.1098/rstb.2017.0091.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак вялікай сініцы Ірыны Самусенка
На гэтую тэму:
Вірус распаўсюджваецца сярод птушак Вялікабрытаніі
МАТЭМАТЫЧНАЯ МАДЭЛЬ ПАКАЗАЛА НЕБЯСПЕКІ НАШАГА ДАДАТКОВАГА ХАРЧАВАННЯ ДЛЯ ПТУШАК
Карміць ці не карміць птушак узімку?
Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання
Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак
Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ