Матэматычная мадэль паказала небяспекі нашага дадатковага харчавання для птушак

белыя буслы на зімоўцы

Міграцыйныя паводзіны дзікіх жывёл могуць значна змяняцца з-за доступу да дадатковага харчавання. Гэта добра вядомы фенамен, які пачаў інтэнсіўна вывучацца ў апошнія дзесяцігоддзі, у асноўным, на прыкладах розных відаў птушак. Аднак гэтыя змены могуць таксама значна змяніць суадносіны і распаўсюджанне розных відаў паразітаў.

Каб праверыць сваю гіпотэзу на гэтую тэму, Леон Браўн (Leone Brown) з Odum School of Ecology універсітэту штата Джорджыя (ЗША) і Рычард Хол (Richard Hall) з мясцовага каледжа ветерынарыі, выкарысталі матэматычныя мадэлі па ўдзеянні дадатковага харчавання на міграцыйныя паводзіны і хваробы.

Людзі застаўляюць дзікім жывёлам шмат харчавання- або неспецыяльна, у адкрытых кантэйнерах на смецце ці на звалках, або спецыяльна - выкладваючы яго для дзікіх птушак або іншых жывёл на т.зв. сталоўках. Так ці інакш доступ да новых харчовых рэсурсаў, асабліва калі ён існуе круглы год, можа справакаваць аселыя паводзіны ў раней мігрыруючых відаў, што для некаторых відаў ужо адзначана ў Еўропе.

Многія віды птушак (і не толькі) пазбягаюць цяжкасцяў са здабываннем дастатковай колькасці харчавання або з-за снежнага покрыва, або з-за змяншэння працягласці светлай часткі сутак калі яны могуць яго эфектыўна здабываць, або з-за марозаў – калі трэба траціць нашмат больш энергіі каб проста перажыць ноч і дзень, або з-за ўсіх гэтых фактараў. Таму і адлятаюць зімаваць у іншыя краіны таго ж умеранага кліматычнага пояса ці далей на поўдзень. Аднак не толькі магчымасць доступу да іншых мясцінаў з больш даступнай ежай дае перавагі мігрыруючым відам. Справа яшчэ ў тым, што мігранты адлятаюць з месцаў, дзе назапасілася шмат паразітаў, а таксама дзякуючы натуральнай элімінацыі аслабленых імі ці інфекцыйнымі хваробамі асобін, якія не вытрымліваюць доўгіх пералётаў і гінуць. Такім чынам, міграцыі даюць птушкам вялікую магчымасць змяншаць заражанасць папуляцый паразітамі і інфекцыямі.

Калі ж “наша” харчаванне змяняе міграцыйныя паводзіны птушак і дазваляе ім ствараць (часткова) аселыя папуляцыі, наступствы могуць быць значныя. З аднаго боку, аселыя птушкі таго ж віду да часу вяртання мігрантаў могуць і займаюць лепшыя гнездавыя тэрыторыі і тым самым ставяць мігрантаў у горшыя ўмовы. Аднак многія такія аселыя асобіны могуць быць цяжка заражаныя паразітамі.

"Дзякуючы такім аселым папуляцыям гаспадароў, паразіты маюць больш працяглы сезон для заражэння іншых асобін. З-за дадатковага зімовага харчавання, такія заражаныя асобіны павялічваюць свае шанцы на выжыванне, а іх паразіты – свае і дадаткова шанцы на заражэнне іншых. Таму калі мігранты вяртаюцца на часткова занятыя аселымі асобінамі месцы, папярэдні механізм па змяншэнні заражэння паразітамі перастае працаваць эфектыўна” – тлумачыць Хол.

Іншая небяспека ў тым, што паразіты ў аселых птушак пад уздзеяннем адбору могуць станавіцца больш патагеннымі і небяспечнымі для сваіх гаспадароў, бо на іх можна аказваць большы ўплыў – яны не мігрыруюць і выжывуць з большай імавернасцю і з такімі паразітамі. Тады як мігранты могуць апынуцца яшчэ ў горшых умовах – яны, заражаныя такімі формамі паразітаў, загінуць пад час пералётаў яшчэ хутчэй.

Аднак большасці людзей ужо цяжка адмовіцца ад сваіх звычак і перастаць “дапамагаць” птушкам, выкладваючы для іх дадатковае харчаванне. Але дапамагаючы асобным птушкам, мы аслабляем папуляцыі і , у рэшце рэшт, віды. Таму даследчыкі прапануюць іншыя віды дапамогі: выкарыстанне ў аздобе садоў і паркаў абарыгенных відаў раслін, застаўляць па-магчымасці больш няскошаных участкаў расліннасці і не прыбіраць апалае лісце там, дзе гэта не мае асаблівага сэнсу і гд. – тады птушкі будуць мець доступ да больш прыроднай ежы, якая знаходзіцца на большай тэрыторыі.

Выкарыстанне простых санітарных правілаў на птушыных сталоўках таксама павінна дапамагчы птушкам і зменшыць рызыку іх заражэння паразітамі: рэгулярная прыборка рэшткаў нез’едзенай ежы і птушынага памёту.

 

Крыніца:

Leone M. Brown et al, Consequences of resource supplementation for disease risk in a partially migratory population, Philosophical Transactions of the Royal Society B: Biological Sciences (2018). DOI: 10.1098/rstb.2017.0095

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белых буслоў на зімоўцы ш Мінску Андрэя Несцерава

 

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Поспех чаек - смецце

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Карміць птушак ці не?

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак

Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Моладзь выбірае ўласны шлях і дзякуючы ёй магчымыя змены месца зімоўкі