Грайна, 06-06-2009: Першыя з сёлетніх ўлікаў вяртлявай чаротаўкі

    Першы за доўгі час дзень без дажджу было вырашана прысьвяціць улікам вяртлявай чаротаўкі на ТВП “Гарадзенская Сьвіслач” (=Грайна). Калі ж быць больш дакладным – нават не дзень, а вечар. Бо адпаведна з асаблівасьцямі біялёгіі гэтай птушкі, самцы якой сьпяваюць звычайна ўвечары, падлічваць іх трэба менавіта па песьні, пачынаючы за адну гадзіну да захаду сонца і заканчваць адну гадзіну пасьля.


У мінулым годзе наша каманда налічыла каля 80 сьпяваючых самцоў на ўсім балоце, якое падзелена шашой на 2 часткі: справа, якая нашмат большая, знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне, зьлева – меншая, якая знаходзіцца ў Гарадзенскім. Менавіта гэтай частцы і прысьвяцілі мы сваю ўвагу, бо амаль палова яе выкашваецца касілкамі, і ў мінулым годзе на недаступнай для іх асацы мы адзначылі толькі аднаго самца вяртлявай чаротаўкі. Да скашваньня асакі яшчэ не дайшло і мы вырашылі пачаць улікі з гэтай часткі балота.
Узровень вады быў розны ў розных месцах (прыкладна ад 10 да 40 см паміж купінамі асакі), але калі меркаваць па каналах – большы, чым у мінулым годзе пад час улікаў.
Найбольш сустракалася стрынатак-чаротавак – некаторыя з іх яшчэ сьпявалі, некаторыя кармілі ўжо вялікіх птушанят (гл. здымак). Потым па колькасьці адзначаных можна лічыць салаўіных цвыркуноў, чаромашнікаў, лугавых ерчыкаў. Дзе-нідзе сьпявалі балотныя чаротаўкі, пракрычаў пагоніч і недалёка ад Рэйвэна выляцеў дзяркач – першы, адзначаны на Грайна! Недалёка ад мяне праблеяў бакас, недзе бліжэй да ракі Сьвіслач дзіўнавата крычаў бугай. Зрэдку сьпявалі звычайныя чаротаўкі, з берагу ракі і з правай часткі балота даносіліся сьпевы дроздавай чаротаўкі і нават палявога жаўрука, а вось вятлявых не было чуваць.
Амаль на сваёй трансэкце, м 6 ад парослага расьлінамі абваднога каналу я наткнуўся на вялікіх памераў гняздо. Было яно ўжо яўна несьвежым, але з аднаго з бакоў яшчэ знайшоў вялікага памеру белы пух. Чыё ж яно – лебедзяў ці журавоў? – застаўляю на разгляд шаноўных карыстальнікаў нашага сайту.
Амаль пад канец асаковай часткі балота каля самага каналу  вельмі коратка падала голас або вяртлявая, або звычайная чаротаўка. Але для мяне 5 сэкундаў было замала, каб упэўніцца ў тым, які дакладна гэты від. На жаль, птушка больш не адазвалася і я рушыў далей. Ўжо на самым канцы тарнсэкты таксама ля канала прыкладна такім жа чынам і кароткай песьняй адзначылася яшчэ адна чаротаўка. І зноў без належнага працягу.
Абвадны канал мы ўсе перайшлі ў адным месцы – бліжэй да другой трансэкты, па якой ішоў Мікалай Іванавіч. Ён яшчэ да пачатку ўлікаў зьнік на дамбе, а потым паказаўся з ладным дубцом у руках. Менавіта дзякуючы гэтаму дубцу мы і не набралі вады ў свае высокія гумовікі, калі пераходзілі праз канал.
І вось тут, адразу за балотам, мы і пачулі адзіную ў гэты вечар дакладна вяртлявую чаротаўку! Была яна на перашй трансэкце амаль адразу за каналам.
Чырвоны закат нагадваў пра тое, што трэба сьпяшацца заканчваць улікі. Мы яшчэ прайшлі поле шматгадовых траў, якое пачыналася адразу за каналам, каб упэўніцца, што гэтая вяртлявая чаротаўка адзіная арыгіналка і рушылі на прыпынак да Грайна, дзе нас ужо чакала машына.
На здымках:
Маладая стрынатка-чаротаўка
Наша каманда перад улікамі (здымак А.Вінчэўскай)
Пад час улікаў
Невядомае гняздо і планшэт для параўнаньня

Фотаздымкі

Каментары

АV (госць) - 07.06.2009 - 22:44

гняздо замалое для журава ци лебедзя, можа быць гуси. Пух-пер'я трэба было сабраць. Хаця потоым на гняздзе маглі адпачываць розныя птушкі. Гусі выкарыстоўваюць многа пуху для латка. Калі птушаняты вывеліся месяц таму - можаце ўявіць, што будзе с пухам пасля 'сіх майскіх дажджоў.

Называецца заказнік біялагічны (заалагічны) мясцовага значэньня "Сьвіслач".

ТВП назвалі "Гарадзенская..." таму, што праз Менск яшчэ адна цячэ - каб не блытацца, напэўна.

На жаль, на заўтра я запланаваў экскурсію на Беражаны. І калі сапраўды не будзе дажджу, вернемся не раней 17.00. А тады ўжо будзе пазнавата дамаўляцца з усімі  - асабліва шукаць машыну.