Дакументацыйныя здымкі
Падаў густы снег., але як толькі я выйшаў з-пад старага маста праз Нёман і прайшоў некалькі крокаў, нада мной пранесліся дзесяткі чаек розных відаў (і памераў), якія апошнія дні звычайна адпачываюць або купаюцца на вялізных крыгах насупраць замкаў. А гэта метраў 150-200 ад месца нашай сустрэчы.
Я здагадаўся, што ў іх была важкая прычына адляцець адтуль, бо з некага боку яўна набліжаецца небяспечны для іх драпежнік, якога я ўжо бачыў над Нёманам у пачатку студзеня - арлан-белахвост (Haliaetus albicilla). І я не памыліўся - малады арлан ляцеў уверх па плыні ракі - і значыць у мой бок і набліжаўся - ужо праз некалькі секунд. Але, як хутка аказалася, не сам. Бо не ўсе птушкі яго баяліся і разляталіся хто куды. З-за таго, што арлан ляцеў параўнальна павольна - яўна не спяшаўся, на невялікай адлегласці, максімум у 2 метры за ім і таксама без напругі, ляцела шэрая варона (Corvus corone cornix)!
Калі б арлан раптоўна застыў на месцы нават на долі секунды, наўрацці варона паспела б адрэагаваць і адвярнуць у бок) Але гэтага не здарылася. А яшчэ праз некалькі секунд арлан паляцеў далей самотны - вароне або надакучыла гэтая небяспечная гульня, або яна ўбачыла патэнцыйную ежу і вырашыла заняцца больш важнай справай.
Гродна, 10-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ