Рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) - адны з самых позна спяваючых нашых птушак. Звычайна пасля другога (або трэцяга?) вывадку самцы робяць перапынак са спевамі, хаця час ад часу іх чуваць на сваіх тэрыторыях і ў жніўні. Сёлета рэгулярныя штодзённыя восеньскія спевы ў тых самцоў, за якімі я назіраю, пачаліся 2 верасня і працягваліся ажно да сярэдзіны кастрычніка. Часцей за ўсё спяваў толькі адзін самец, але часам яму адказвалі адзін ці абодва суседа. Прычым сонечная пагода аказалася зусім не абавязковым чыннікам для гэтага. І калі скончыўся надзвычай сонечны і цёплы верасень, рудахвосткі працягвалі спяваць халоднымі ранкамі і вечарамі ў кастрычніку. Пасля пахаладання і працяглых дажджоў, якія пачаліся з сярэдзіны кастрычніка, рэгулярных спеваў рудахвостак я больш не чую, хаця адзінкавыя спробы ёсць і напэўна будуць працягвацца да адлёту птушак на зімоўку - звычайна да першых маразоў.
Цікава, што рудахвосткі яшчэ ў пачатку кастрычніка працягвалі паспяхова лавіць апошніх наземых насякомых, якія яшчэ не схаваліся на зіму. Як і раней, птушкі для гэтага выкарыстоўвалі невысокія прысады: галіны дрэўцаў, агароджу набярэжнай або поручні лесвіцаў. Канешне, як і летам, яны маглі б завісаць над тым участкам травы, які іх зацікавіў каб выглядзець там патэнцыйную здабычу. Але насякомых стала настолькі менш, а трата энергіі на такі палёт настолькі параўнальна вялікая, што напэўна такі тып палявання больш не аплочваецца птушкам. І хаця патрэбныя рудахвосткам прысады з ідэальнай вышынёй і аглядам наваколля ёсць далёка не паўсюды, усё ж нейкую камбінацыю прысада-вышыня-плошча агляду знайсці можна і птушкі імі пастаянна карысталіся.
Да сярэдзіны верасня - гэта значыць прыкладна за месяц пасля масавага паспявання ягад! - птушкі з'елі фактычна ўсе ягады чорнай бузіны на нашым беразе ракі. Таму калі я 11 кастрычніка здалёк убачыў самку або маладую рудахвостку, якая падбірала чорную ягаду з пліткі, я здзівіўся - адкуль тая ягада магла тут ўзяцца? Але праз 5 дзён усё стала зразумела - побач з гэтым месцам я заўважыў самца, які сеў на сцябліны дзікага вінаграда і потым паспяхова адарваў і праглынуў (такую ж чорную) ягаду. З пахаладаннем падобных выпадкаў яўна будзе ўсё больш, бо іншай даступнай рудахвосткам ежы навокал застаецца ўсё менш.
Гродна, 04-19.10.2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ