Добра вядома, што працяглае знаходжанне пад наглядам - і з дапамогай - бацькоў можа забяспечыць больш паспяховую будучыню іх патомкам. Бо многаму ў жыцці трэба навучыцца і больш бяспечна памыляцца ў сытуацыях, калі гэта як бы гульня або трэніроўка. Ды і патрэбны час, каб убачыць і паспрабаваць капіраваць паводзіны дарослых і ў пошуках і здабыванні ежы, і ў іншых жыццёва важных момантах.
Хутчэй за ўсё менавіта такую сытуацыю я і назіраў на беразе рэчкі Гараднічанкі, апошнія сотні метраў якой сёлета былі ператвораны ў канаву з бетоннымі берагамі. Дарослая шэрая варона (Corvus (corone) cornix) знайшла параўнальна невялікі кавалак ежы і прынесла размачыць гэта 'нешта' у вадзе. Да яе адразу падляцеў нехта з былых птушанят, каб выпрасіць ежу. І тут пачаўся 'каскад выбараў', якія рабілі птушкі і за гэтым было вельмі цікава назіраць:
Дарослая варона магла адразу аддаць усё птушаню, але не аддала. Праз некалькі секунд яна заставіла большую частку прынесенай ежы, узяўшы меншую ў дзюбу і размачваючы яе вадой з рэчкі ўжо ў дзюбе. Птушанё магло задаволіцца застаўленым кавалкам, з'есці яго самастойна і больш нічога не прасіць. Але з'ела толькі два невялікіх кавалачкі ад яго і пераследавала аднаго з бацькоў, выпрошваючы менавіта тое, што дарослая варона трымала ў дзюбе. У рэшце рэшт дарослая птушка аддала свой кавалак. Але птушанё не толькі не праглынула яго, але і хутка адклала на бетонны квадрат, бо чакала, што гэта будзе нешта іншае, больш смачнае?
Гродна, 04-07-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ