Як ні адкладваў, але прыйшоў час і на самую апошнюю, і адначасова самую нечаканую і самую цікавую для мяне гісторыю пра соек і жалуды.
Папярэднія гісторыі тут:
Частка І, частка ІІ, частка ІІІ і частка IV.
Невялікі скверык з 5 дубамі, пасажанымі побач на тым беразе Нёмана і жалудамі якіх так цікавіліся першую палову восені сойкі і не толькі яны, заканчваецца не ля самай вады. Пасля шэрагу дрэваў ідзе шырокі схіл да ракі, потым газон і там некалькі невысокіх, амаль шарападобнай формы вербаў. Схіл гэты, ды і ўвогуле ўчастак берагу, на якім ‘стварылі’ скверык, мае шмат крыніцаў і нават ручаін. Напэўна таму некаторыя з пасажаных тут вербаў засохлі, а тыя што яшчэ жывуць, яўна не растуць, а толькі выжываюць.
І вось зверху я заўважыў на адной з гэтых вербаў сойку (Garrulus glandarius). Паводзіла яна сябе дзіўна: перапрыгвала сярод галін як бы прыглядаючыся нечаму пад дрэвам. Потым скочыла ўніз і там стала нешта шукаць. Спачатку я думаў, што яна прыляцела, каб схаваць тут прынесеныя ў пад’язычным мяшку жалуды і падбірае для гэтага добрае месца. Але ўсё аказалася нашмат цікавей.
Хаця не было бачна, каб птушка нешта ‘адрыгнула’, праз некалькі секунд яна набрала ў дзюбу пук сухой і скошанай некалі раней трымерам травы і пачала нешта старанна прыкрываць пад дрэвам. Потым пераляцела некалькі метраў і села на суседнюю такую ж вярбу і там схема амаль паўтарылася, толькі замест пука сухой травы птушка нешта прыкрыла меншым памерам раслінным матэрыялам. І тут я зразумеў што адбываецца! А калі пад трэцім дрэвам сойка з-пад вярбы ўзляцела на яе з жалудом і пачала яго есці, разбіваючы на кавалачкі дзюбай, сумненняў у мяне засталося: гэта праверка запасаў, якія птушка зрабіла тут раней!
Ніколі не чуў пра такія паводзіны, але яны адразу здаліся мне разумнымі і лагічнымі. І сэнс іх у наступным: схаваныя ў розных месцах жалуды варта правяраць час ад часу, каб лепш прыхаваць тыя з іх, якія па нейкіх прычынах сталі бачнымі – і гэтым сойка і займалася, прыкрываючы іх сухой травой і іншым раслінным матэрыялам пад першымі дрэвамі. А тыя, якія пачалі псавацца, варта дастаць і з’есці ўжо цяпер – магчыма так атрымалася з жалудом з трэцяй схованкі. Пасля гэтага сойка праверыла запасы яшчэ пад двума наступнымі вербамі і каля іх і адляцела. А я быў узрадаваны ўдачным назіраннем і тым, што сам змог не толькі ўбачыць цікавыя паводзіны, але і зразумець іх сэнс.
Не ведаю, ці варта рабіць падобныя праверкі для ўсіх сотняў жалудоў, прыхаваных сойкамі ‘на зіму’ – магчыма, што так ім лягчэй потым знаходзіць свае схованкі. Бо з часам мяняюцца арыенціры (адны знікаюць – напрыклад, пад апалым лісцем ці снегам, і з’яўляюцца іншыя), па якіх птушкі і знаходзяць дзе іх схавалі. Ну і прыхаваць тыя жалуды, якія чамусьці сталі добра бачныя, таксама варта – бо інакш іх лёгка знойдуць іншыя птушкі і запасы зменшацца без удзелу тых, хто іх зрабіў.
Тым не менш гэта не змяняе факту, што па розных прычынах як мінімум некаторыя жалуды сойкі і іншыя птушкі ‘не знаходзяць’ да вясны і яны прарастаюць у схованках. Думаю, што малады дубок на апошнім здымку як раз з такіх незнойдзеных жалудоў з краю газону і ўтварыўся.
Гродна, 15-10-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ