Дакументацыйныя здымкі
Навокал нашага дома хапае 'ягадных' дрэваў - і вішняў, і сліваў, і алычы. І калі з першых ягады яшчэ збіраюцца людзьмі, то алыча амаль нікому непатрэбная. І ў апошнія ўраджайныя гады яркім жоўтым дываном доўга ляжыць пад дрэвамі.
Не бачыў, каб ягады алычы на ці пад дрэвам нехта еў з нашых птушак, а вось костачкі - іншая справа. Іх могуць месяцамі есці - і актыўна ядуць - сірыйскія дзятлы (Dendrocopos syriacus). Але па-за канкурэнцыяй ў гэтым таўстадзюбы (C. coccothraustes). Шмат разоў бачыў, як яны раскалваюць костачкі і праглынаюць насенне наўпрост з вакна нашай кухні. А пазаўчора пашанцавала назіраць гэта на схіле да Нёмана, дзе таксама растуць алычы.
Птушка раз за разам без праблем знаходзіла сабе ўсё новыя костачкі ў неглыбокім снезе пад дрэвам. І каб раскалоць іх, ёй патрабавалася ад 1 да 1,5 хвіліны:
А каб ведаць, дзе шукаць сабе ежу ўзімку (бо ўвосень костачкі бачна і так), варта загадзя, калі яшчэ бачна ягады ці костачкі ад іх, запомніць некалькі такіх месцаў-дрэваў. І тады нават пад снегам будзе забяспечана бесперабойнае харчаванне)
Гродна, 08-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ