У адрозьненьні ад улюбёнай для берасьцейскіх арнітолягаў крэпасьці мой шпацыр звычайна пачынаўся з набярэжнай і працягваўся па дзікаму берагу Мухаўца да таго самай абвадной канавы, якая дарыць апошнія воды Мухаўца Бугу, і якую так палюбілі бабры. Сёньня таксама вырашыў узгадаць, як то было ў студэнцкія часы і прайсьціся гэтым маршрутам.
Набярэжная сустрэла засьнежанай пустэчай, усе птушкі перабраліся пад мост. Больш за паўтарыста крыжанак, лебедзі (два зь іх з жоўтымі кальцамі МС09 і МС32), лыскі, галубы ды вароны зладзілі тут птушыны балаган, пад пільным наглядам міліцыянтаў, якія прыпаркавалі сваё аўто побач з самай вадой і пільна сачылі за маімі дзеяньнямі. Здаецца нічога цікавага. Крыху паназіраў за крыжанкамі-акванаўтамі, якія пасьля нядоўгіх пагружэньняў даставалі штосьці падобнае на бяззубак з дна ракі (у нас у Берасьці яны ўжо даўно навучыліся ныраць, і ўвесь гэты працэс навучаньня можна было назіраць пад час шматлікіх экскурсій у гэтыя мясьціны). Яны звычайна трымаюцца асобнай тусоўкай, напэўна паказваючы сваю круцізну супернікам. Тут жа і гібрыдная качка - звычайная птушка гэтай палыньі... а ў іншай частцы ракі час ад часу паказваецца на паверхні чубаты нырок - рэдкі госьць на берасьцейскай зімоўцы.
Крочу далей. На шляху ад набярэжнай да крэпасьці адзначыў канюха-мышалова, сініх сініц, сароку, вялікіх савукоў, пару шыпуноў, крыжанак.
У самой крэпасьці, а дакладней па беразе Мухаўца з боку кляштара Бернардынак назіраў чыжэй, зелянушак, вялікіх, сініх чорнагаловых сініц, сярэдняга дзятла, які раптоўна ператварыўся ў папаўзьня, калі я абыходзіў дрэва зь іншага боку, ну і, канешне, гілі са сваёй сумнаю песенькай...
На Заходнім Бугу анічога, акрамя вялікіх савукоў і крыжанак не заўважыў. Прастаяўшы з паўгадзіны ў міжрэччы я добранька падмёрз і пакрочыў у бліжэйшую кавярню грэцца....
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
AV - 04.01.2010 - 21:03
дзякйу, цікава. Крыжанкі
дзякйу, цікава. Крыжанкі дастаюць са дна дрэйсэну, такі малюск-інтрадуцэнт.
Белахвост - 04.01.2010 - 21:24
Вельмі прыгожыя фотаздымкі.
Вельмі прыгожыя фотаздымкі. Дзякуй!
Дарэчы з фотаздымкаў сайту можна зрабіць добры электроны вызначальнік беларускіх птушак. Яго і дапаўняць можна, а на кожным здымку падпісаць аўтара.
Harrier - 05.01.2010 - 00:28
In reply to Вельмі прыгожыя фотаздымкі. by Белахвост
Мне найбольш спадабалася
Мне найбольш спадабалася зелянушка сярод абіненых галінак. Ну і сярэдні дзяцел неблагі!
Ну а наконт вызначальніка са здымкаў - так і планавалася. Толькі не пачнем ніяк...
freelancer - 05.01.2010 - 13:54
In reply to Мне найбольш спадабалася by Harrier
нажаль, да добрых здымкаў
нажаль, да добрых здымкаў яшчэ крочыць і крочыць, усё залежыць ня толькі ад прафэсійнасьці фатографаў, але яшчэ ад прафэсійнасьці саміх фотаздымачоў ...