На выходных у Беларусь прыляцела вясна!

Негледзячы на марозную і снежную сёлетнюю зіму, у суботу і нядзелю 20 і 21 лютага на поўдні і захадзе краіны заўважаныя першыя мігранты. У параўнанні з надзвычай цёплай і амаль бясснежнай мінулай зімой, птушкі пачалі вяртацца да нас прыкладна на тры тыдні пазней. Але ў тым, што разам з цёплым паветрам колькасць і разнастайнасць мігрантаў будзе толькі павялічвацца, сумненняў няма.

У суботу ў Бярозаўскім раёне пад Белаазёрскам Андрэй Барадзін адзначыў першых сёлета для нашай краіны шэрых гусей (A. anser), а ў нядзелю у тым жа раёне бліжэй Бярозы Сяргей Бобель убачыў першых сёлета кнігавак (V. vanellus):

Таксама ў нядзелю Дзьмітры Вінчэўскі ўвечары зняў (гл. верхні здымак) 5 шэрых гусей, якія ляцелі праз Гродна на поўнач уздоўж Нёмана ў бок Літвы, а Аляксандр Мініч пачуў і ўбачыў двух палявых жаўрукоў (Alauda arvensis) пад Брэстам.

Звычайна дальнія мігранты, якіх усе мы ведаем са школы пад назвай “пералётных птушак”, вяртаюцца вясной прыкладна ў тыя самыя тэрміны, хаця і сярод іх бываюць часам выключэнні. Справа ў тым, што гэтыя віды адлятаюць ад нас зімаваць у іншыя кліматычныя зоны: у субтропікі, тропікі і на экватар загадзя, зусім не ведаюць што ў нас бывае зіма і калі яна дакладна пачынаецца і заканчваецца. І хаця іх вяртанне штогод з-за глабальнага пацяплення таксама пастаянна прыспешваецца, але вялікіх ваганняў па тэрмінах прылёта першых асобін з іх няма. Гэта звычайная зязюля, чорны свіргуль, многія віды нашых кулікоў і некаторыя - качак, балотны і поплаўныя луні з драпежных птушак і шматлікія віды вераб’іных, звычайна насякомаедныя: усходні салавей, лескі, ластаўкі, валасяніцы і шмат іншых.

Інакш сябе паводзяць бліжнія мігранты, якія зімуюць у той самай кліматычнай зоне, дзе і гняздуюць: гэта значыць у Паўднёвай, Заходняй і нават у Цэнтральнай Еўропе. У цёплыя зімы іх усё больш застаецца зімаваць і ў нас, і колькасць асобных прадстаўнікоў такіх відаў штогод таксама павялічваецца. Гэта, сярод іншых, шэрыя і вялікія белыя чаплі, вялікія бакланы, лыскі, вадзяныя пастушкі і чаротніцы, чорныя дразды, канюхі-мышаловы, крапіўнікі і зімародкі.

Таму, напрыклад, звычайныя шпакі, яшчэ да нядаўняга часу пэўныя вестнікі вясны, сёлета адзначаліся на зімоўцы практычна па ўсёй Беларусі і адрозніць птушак што зімавалі ў нас ад тых, што прыляцяць першымі, наўрацці магчыма. Іншая справа з кнігаўкамі – гэтыя кулікі зімуюць у Заходняй Еўропе і таму няма сумненняў, што мы бачым тых птушак, якія не зімавалі недзе побач у Беларусі. Хаця шэрыя гусі таксама бліжнія мігранты і зімуюць у Нідэрландах, Германіі і Польшчы, а апошнія зімы ў невялікай колькасці і ў нашай краіне, але гэтай зімой  пасля моцных і працяглых маразоў усе яны былі вымушаныя пераляцець ад нас на захад і поўдзень Еўропы. Таму сумненняў у тым, што мы бачылі гусей, якія не зімавалі тут гэтай зімой таксама няма.

Цёплая пагода, акрамя хуткага павелічэння міграцыйнага патоку, таксама азначае і заканчэнне суворай сёлетняй зімы для тых з бліжніх мігрантаў, якія вырашылі ўсё ж застацца побач з намі:

птушка

Лыска, Нёман у межах Гродна, люты 2021 г.

птушка

Вялікі баклан у шлюбным пяры, Нёман у межах Гродна, люты 2021 г.

птушка

Шэрая чапля ў вусці Ласасянкі, Гродна, люты 2021 г.

Шмат снегу хутчэй за ўсё азначае высокую воду на нашых рэчках і рэках, вялікія разлівы абяцаюць цікавую для назіранняў міграцыі птушак вясну.

 

Дзьмітры Вінчэўскі для “Птушкі штодня

Здымкі аўтара

 

 

 

На гэтую тэму:

Вясна ляціць: у Беларусь вярнуліся першыя кулікі

Назіранні зімуючых птушак у Беларусі: зіма 2020-21

РАЗАМ З ГУСЯМІ-ГУМЕННІЦАМІ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ПРЫЛЯЦЕЛА ВЯСНА

У АПОШНІ ДЗЕНЬ СТУДЗЕНЯ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ВЯРНУЛІСЯ ЖУРАЎЛІ

ВЯСНА: У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ПЕРШЫЯ ПАЛЯВЫЯ ЖАЎРУКІ

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам

 

Comments

Залейце на YouTube і пастаўце спасылку на яго ў каментары, я змяшчу відэа у вакне пад табліцай вясновых назіранняў або тут - дзе напішаце.