Дзесяць амерыканскіх відаў птушак канчаткова прызнаныя зніклымі

US Fish and Wildlife Service (USFWS) 16 кастрычніка гэтага году афіцыйна прызнала зніклымі 10 амерыканскіх відаў птушак. Адбылося гэта пасля двухгадовай паузы, калі быў абвешчаны намер зрабіць гэта пры адсутнасці новых назіранняў ці звестак пра іх. З гэтых дзесяці, восем - віды-эндэмікі Гавайскіх астравоў.

Лічыцца, што большасць гэтых відаў фактычна зніклі яшчэ да таго, як былі занесены ў спіс Відаў, якім пагражае знікненне ў ЗША (Endangered Species Act, ESA) і якім прадугледжана ахова на федэральным узроўні. Цяпер іх выключаць з гэтага спісу. Сярод іх 8 відаў птушак, якія былі распаўсюджаны толькі на Гаваях:

Kakawahie (Paroreomyza flammea), Kauai Akialoa (Akialoa stejnegeri), Maui Akepa (Loxops ochraceus), Kauai Nukupuu (Hemignathus hanapepe) і Maui Nukupuu (Hemignathus affinis) - вельмі своеасаблівыя прадстаўнікі сямейства В’юрковых Fringillidae з розных астравоў архіпелагу;

Kauai Oo (Moho braccatus) - адзiн з відаў ‘гавайскіх меданосаў’ з вымерлага сямейства Mohoidae;

Kamao (Myadestes myadestinus)  - прадстаўнік сямейства Драздовыя Turdidae.

Poo-uli (Melamprosops phaeosoma) з В’юрковых, апісаны толькі ў 1974 годзе - адзіны, які яшчэ адзначаўся ў прыродзе калі быў занесены ў спіс ESA. Аднак пасля 2004 году гэтых птушак ужо ніхто не бачыў.

Michael Parr, прэзідэнт American Bird Conservancy (ABC), сказаў у сувязі з гэтай падзеяй: "Большасць гэтых зніклых відаў - гэта птушкі Гавайскіх астравоў, якія не сустракаліся нідзе па-за німі. Гэта каласальная страта. Іх занясенне ў спіс ESA адбылося запозна, каб неяк паўплываць на іх ахову і вяртанне. Такі трагічны фінал можна было змяніць, калі б дзеянні па захаванні іх месцапражыванняў адбыліся б хутчэй”.

Яшчэ адзін зніклы від птушак - гуамская белавочка (Zosterops conspicillatus), эндэмік аднайменнага вострава Гуам у Ціхім акіяне.

Спявун Бахмана, або багамскі спявун (Vermivora bachmanii), некалі распаўсюджаны ў забалочаных мясцінах і на ўзбярэжжы паўднёвых штатаў ЗША і які зімаваў на Кубе - адзіны від з кантынентальнай часткі Злучаных штатаў, які прызнаны зніклым у гэты раз.

Martha Williams, дырэктар USFWS, сказала:"Федэральная абарона прыйшла запозна, каб можна было вярнуць гэтыя віды з нябыту. Гэта важны сігнал пра тое, што часам мы дзейнічаем запавольна, каб нешта змяніць для знікаючых відаў.

Сёлета мы адзначаем 50-годдзе стварэння закона пра знікаючыя віды і нагадваем, што мэтай яго прыняцця было стварэнне сістэмы дзеянняў, якія б прыпынялі знікненні.”

Michael Parr дадаў: "Некаторыя людзі могуць сказаць, што ESA у адносінах да гэтых відаў не спрацаваў. Аднак гэта будзе некарэктная інтэрпрэтацыя, таму што большасць пералічаных вышэй і зніклых відаў птушак ужо не існавалі калі закон быў прыняты, або былі настолькі рэдкімі, што іх ахова згодна з гэтым законам ужо не магла ім дапамагчы.

Аднак у многіх іншых выпадках поспехі ESA не могуць быць пастаўлены пад сумнеў”.

На жаль, Гавайскія астравы могуць лічыцца ‘сталіцай знікненняў птушак’ -столькі відаў там знікла ў гістарычны час і яшчэ многія застаюцца пад пагрозай знікнення. Галоўнымі чыннікамі гэтага застаюцца знікненне месцапражыванняў і інвазійныя віды-інтрадуцэнты.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Скурка апошняй Poo-uli, якую адлавілі для праекта па развядзенні і рэінтрадукцыі 9 верасня 2004 году і якая памерла ў вальеры 26 лістапада таго ж году

 

 

На гэтую тэму:

Адзіннадцаць відаў птушак, раней распаўсюджаных у ЗША, маюць намер прызнаць зніклымі

Неадназначныя адносіны паміж жабкамі-інтрадуцэнтамі і мясцовымі птушкамі на Гаваях

Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

У 2018 годзе афіцыйна прызналі зніклымі яшчэ 3 віды птушак

Рэінтрадукаваныя ў прыроду гавайскія вароны збудавалі першае гняздо!

Людзі знішчылі амаль ¾ усіх відаў птушак, няздольных да палёту

Гавайскія квяткоўніцы паходзяць ад... чаромашнікаў

 

Comments