Як няўдачы ператвараюць камунальна гняздуючых зязюляў у гнездавых паразітаў

У трапічных лясах Цэнтральнай Амерыкі вялікія ані (Crotophaga major), каб было лягчэй абараніць свае гнёзды ад драпежнікаў, звычайна гняздуюць разам па 2-3 самкі ў адным гняздзе. Аднак калі гэтая стратэгія не дапамагае і яйкі знішчаныя, гэтыя прадстаўнікі атраду Зязюлепадобных могуць падкідываць свае яйкі ў гнёзды іншых груп.

Каманда даследчыкаў з Прынстанскага ўніверсітэту (ЗША) на працягу 11 гнездавых сезонаў у 2007-17 гг. штогод знаходзілі і адсочвалі лёс ад 40 да 60 калектыўных гнёзд вялікіх аняў у прыродным рэзерваце Barro Colorado (Панама). Знойдзеныя гнёзды правяраліся кожны дзень, з кожнага свежаадкладзенага яйка збіраліся рэшткі крыві самкі для наступнага генетычнага аналіза, яны стандартным чынам прамяраліся і ўзважваліся. Ва ўсіх птушанят – каб вызначыць бацькоў – бралася кроў на генетычны аналіз. Такім чынам, было знойдзена 240 камунальных гнёзд, на якіх правераныя 1776 яек на прыналежнасць розным самкам.

"Калі розныя самкі ў адной папуляцыі выкарыстоўваюць розныя стратэгіі размнажэння, гэта заўсёды крыжаванка для даследчыкаў. Мы вырашылі паспрабаваць зразумець чаму адны самкі падкідваюць свае яйкі ў гнёзды іншых сацыяльных груп, а іншыя – не” – сказала Крысціна Рыэль (Christina Riehl), асістэнтка прафесара экалогіі і эвалюцыйнай біялогіі ў Прынстане.

"Аказалася, што паразітычная стратэгія ёсць другаснай опцыяй. Гэта як бы птушка падумала: ”Калі наша кааператыйўнае гнездаванне не атрымаецца, перайду на план Б””.

гняздо

Даследчыкі адкрылі, што абедзве стратэгіі размнажэння выкарыстоўваюцца птушкамі з той самай папуляцыі і сацыяльны паразітызм, як аказалася, параўнальна шырока выкарыстоўваўся, бо нават на 25% гнёздаў былі знойдзеныя яйкі самак з-па за групы. Хутчэй за ўсё натуральны адбор падтрымлівае падобныя паводзіны самак, таму што спачатку ккааператыўнае гнездаванне ў адным гняздзе, а потым, у выпадку няўдачы, сацыяльны паразітызм, даюць магчымасць выляцець такой жа колькасці патомкаў, як у выпадку выкарыстання толькі паспяховага кааператыўнага гнездавання.

Вялікія ані – адны з нямногіх відаў, у якіх незвязаныя паміж сабой крэўнымі сувязямі самкі разам адкладваюць і па чарзе наседжваюць яйкі, а потым кормяць птушанят у адным гняздзе. У адрозненне ад гэтага, сацыяльны гнездавы паразітызм знойдзены ў 250 відаў птушак.

І хаця – як і многія іншыя віды птушак, якія здольныя на паўторную кладку, калі першая па нейкіх прычынах загінула на пачатковай стадыі інкубацыі, - самкі вялікіх аняў могуць паспрабаваць падкінуць нават больш яек у гнёзды іншых груп, чым яны адклалі ў калектыўнае гняздо сваёй групы, такія яйкі маюць меншыя памеры. Таму імавернасць таго, што нават калі іншыя ані прымуць іх за свае, птушаняты з іх паспяхова выляцяць, меншая з-за меншых памераў птушанят адразу пасля іх вылуплення.

 

Крыніца:

Social parasitism as an alternative reproductive tactic in a cooperatively breeding cuckoo,Nature (2019). DOI: 10.1038/s41586-019-0981-1 , https://www.nature.com/articles/s41586-019-0981-1

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі

Гнездавыя паразіты і гаспадары: хто каму дапамагае?

ПТУШКА 2014 ГОДУ – ЗВЫЧАЙНАЯ ЗЯЗЮЛЯ І ГНЕЗДАВЫ ПАРАЗІТЫЗМ + VIDEO

Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?

Зязюлі запалохваюць птушак, якім падкінулі свае яйкі