Новазеландзец выпадкова знайшоў сляды моа ўзростам 12 мільёнаў гадоў

Часам неабавязкова быць навукоўцам, каб зрабіць цікавае палеанталагічнае адкрыццё. Гэта яшчэ раз пацвердзіў прыклад фермера з Новай Зеландыі, які адкрыў адпячаткі ног аднаго з відаў моа – нелятаючых мясцовых птушак, якіх вынішчылі прыбылыя на астравы маоры амаль у гістарычны час.

За мільёны гадоў адасобленай эвалюцыі на Новай Зеландыі ўтварылася ўнікальная біягеаграфічная вобласць. Адсутнасць наземных млекакормячых стварыла своеасаблівыя ўмовы для птушак, якія фактычна занялі тут многія экалагічныя нішы звяроў. З апісаных на сёння 378 мясцовых відаў пярнатых, многія не сустракаліся больш нідзе ў свеце. Адсутнасць рэальнай пагрозы з боку драпежных звяроў стварыла магчымасці для ўтварэння многіх нелятаючых відаў птушак разнастайных памераў. Аднак усё пачало мяняцца пасля 1300 году, калі ў Новую Зеландыю прыплылі першыя людзі.

Як аказалася, у найбольшай небяспецы апынуліся вялкія няздольныя да палёту віды моа, якіх маоры здабывалі і птушанятамі, і ў выглядзе дарослых птушак, на ежу і ў якасці тагачаснага посуду выкарыстоўваліся і яйкі. Параўнальна хутка ад моа засталіся толькі ўспаміны, косткі і шкарлупінне яек.  

Тым не менш, як аказалася, не толькі гэтыя артэфакты, якія нагадваюць пра жыццё гэтых гігантаў, могуць быць знойдзеныя. Пад час прагулкі са сваім сабакам па берагу адной з рэчак у дзікай мясцовасці на Паўднёвым востраве, мясцовы фермер заўважыў на акамянелым іле дзіўныя трохпалыя адпячаткі. Прыбылыя на месца знаходкі супрацоўнікі музею з гораду Otago вызначылі іх як сляды аднаго з буйнейшых памерамі відаў моа ўзростам каля 12 мільёнаў гадоў! Гэта першая падобная знаходка на востраве.

Пасля працяглых дажджоў частка берагу спаўзла ў ваду і з-за гэтага ланцужок з 7 слядоў моа, кожны з якіх мае 30 см у даўжыню, стаў бачны. Цяпер палеантолагіі стараюцца старанна даследаваць навакольную тэрыторыю.

Паводле www.qz.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Вызначаныя ўсё віды моа

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны

У які бок змяняліся птушкі астравоў

Апісана самая вялікая птушка на Зямлі - яна жыла на Мадагаскары

Аматары-палеантолагі адкрылі новы від птушак, якому каля 90 мільёнаў гадоў