Хаця цяжка назваць сёлетнюю зіму ‘сапраўднай’, аднак радавацца Вясне і вяртанню птушак ужо можна – сёння на захадзе Беларусі, у Бераставіцкім раёне Гарадзеншчыны былі адзначаныя першыя мігранты-кулікі: кнігаўкі (V. vanellus) і залацістыя сеўкі (Pluvialis apricaria).
Вясна сёлета наступае паступова, пры параўнанні першых рэгістрацый розных відаў птушак у сярэднім на 1-3 тыдні раней, чым ‘звычайна’ за апошнія 5-6 гадоў. Але ці засталося яшчэ ў нашай прыродзе тое ‘звычайна’? Першымі з блізкіх мігрантаў сёлета вярнуліся 31.01 на Гарадзеншчыну шэрыя жураўлі, 03.02 – гусі-гуменніцы. І вось – першыя кулікі адзначаны намі ў пойме Верацейкі бліз межаў заказніка “Гродзенская Свіслач”, гэта прыкладна 70 кнігавак і 20 залацістых севак каля разліваў на мясцовых палетках:
Каб скласці ўласнае ўражанне – наколькі сённяшняя дата сапраўды выключная для першага назірання кнігавак, вось даты першых рэгістрацый віду ў Беларусі за апошнія 6 гадоў, атрыманыя дзякуючы карыстальнікам нашага сайта, якія мы зводзім для амаль усіх відаў-мігрантаў у табліцы “Вясна ляціць”:
24.02.2014 - Брэсцкі раён, А.Сербун
01.03.2015 – Маларыцкі раён, Ю.Янкевіч
19.02.2016 – Бераставіцкі раён, Дз.Вінчэўскі і іншыя
24.02.2017 – Камянецкі раён, А.Асташэня і Кобрынcкі раён, А.Страчук
08.03.2018 – Камянецкі раён, В.Кулік
11.02.2019 - Камянецкі раён, В.Кузько
Такім чынам сёлетні прылёт кнігавак - хутчэй ранні. Таму, калі не здарыцца часовага вяртання зімы, то чакаем на хуткі прылёт наступных мігрантаў: палявых жаўрукоў, звычайных шпакоў, чаек-рыбачак, а потым і іншых каля 150 відаў.
Стала больш і гусей: шэрых (якія ў невялікай колькасці зімавалі недалёка на балоце Грайна), гуменніц і сёння адзначана першая для гэтай вясны белалобая гусь.
Дзьмітры Вінчэўскі,
здымкі і відэа аўтара
На гэтую тэму:
РАЗАМ З ГУСЯМІ-ГУМЕННІЦАМІ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ПРЫЛЯЦЕЛА ВЯСНА
У АПОШНІ ДЗЕНЬ СТУДЗЕНЯ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ВЯРНУЛІСЯ ЖУРАЎЛІ
ВЯСНА: У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ПЕРШЫЯ ПАЛЯВЫЯ ЖАЎРУКІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ