Стэпавыя луні ўпершыню загнездавалі ў Францыі

Пасля першага гнездавання стэпавага луня (Circus macrourus) для Заходняй Еўропы ў 2017 годзе ў Нідэрландах і ў тым жа годзе – у Беларусі, у 2019-м адбылося другое гнездаванне для Нідэрландаў і першае для Гішпаініі, а сёлета – першае для Чэхіі. І вось стала вядома пра першы выпадак гнездавання віда ў Францыі!

На самай поўначы краіны, у дэпартаменце Pas-de-Calais, на прыканцы мая быў адзначаны самец, які ў наступныя дні быў заўважаны побач з самкай, якой ён перадаваў здабычу над полем азімай пшаніцы. Поле знаходзілася ў вялікім сельска-гаспадарчым краявідзе. У сярэдзіне ліпеня з гнязда паспяхова выляцелі 4 птушанят.

Статус стэпавага луня ў Францыі хутка змяняўся ў апошнія гады. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта была рэдкасць, кожнае назіранне якой разглядалася Камітэтам па рэдкасцях краіны. Аднак з 2013 году ў сувязі з павелічэннем колькасці рэгістрацый від прыбралі са спісу рэдкасцяў.

Да сёлетняга выпадку гнездавання, від лічыўся рэдкім мігрантам з прыкладна 100 рэгістрацыямі птушак на пралёце штогод. Адзначаліся і флуктуацыі ў колькасці рэгістрацый, з магчымым павелічэннем у некаторыя вёсны. Самая вялікая адначасовая колькасць віду для Францыі назіралася 20-03-2020 на Корсіцы, калі там адзначылі ажно 13 розных птушак.

У апошнія зімы пачаліся і штогадовыя зімоўкі віду – у сярэднім 5 птушак адзначаецца штогод і колькасць іх памалу павялічваецца.

У дадатак да “чыстай” пары, сёлета ў Францыі таксама ўпершыню паспяхова гнездавала і змешаная пара з самца поплаўнага і самкі стэпавага луня. На ўсход ад Парыжу яны выгадавалі 4 птушанят. Хаця падобныя выпадкі гнездавання адзначаліся ў краіне і раней, аднак гэта першы менавіта паспяховы.

З 2011 году, калі стэпавыя луні пачалі штогод гнездаваць у Фінляндыі, у Еўропе значна павялічылася колькасць рэгістрацый гэтага віду на вясновым і восеньскім пралёце. У апошнія 10 гадоў значна больш назіранняў адбываецца і ў Вялікабрытаніі:  перад гэтым надзвычайная рэдкасць, зараз штогод луней рэгіструюць у любы сезон года, параўнальна шмат – маладых птушак увосень. Адзначаны і адзіны выпадак зімоўкі. І хаця гнездавання яшчэ не зарэгістравана, аднак летам 2017 году дарослы самец такаваў не менш 2 тыдняў над балотам у графстве Lancashire.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

СТЭПАВЫЯ ЛУНІ СЁЛЕТА ЎПЕРШЫНЮ ГНЕЗДАВАЛІ Ў ЧЭХІІ

Стэпавыя луні з перапынкам у год ізноў гнездавалі ў Заходняй Еўропе!

НЕВЕРАГОДНА: СТЕПАВЫ ЛУНЬ УПЕРШЫНЮ ПАСПЯХОВА АДГНЕЗДАВАЎ У ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ І, ПАДОБНА, Ў БЕЛАРУСІ!

На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!

Пра беларускую арніталагічную сенсацыю – у нямецкім часопісе