Многія акіянічныя архіпелагі – выдатныя экасістэмы для вывучэння відаўтварэння розных груп арганізмаў. Аднак для гэтага неабходна падрабязна даведацца пра гісторыю каланізацыі розных астравоў продкавым формамі новапаўсталых відаў. Новае даследаванне прапануе падзяліць шырокараспаўсюджаны і шматлікі від – берасцянку (Fringilla coelebs), на пяць відаў, павялічыўшы статус некаторых астраўных падвідаў і птушак з Паўночнай Афрыкі да відавога.
Група гішпанскіх даследчыкаў, якія прадстаўляюць Нацыянальны музей прыродных навук у Мадрыдзе і універсітэт Oviedo ў Астурыі, правялі філагенетычнае і фенатыпічнае параўнанне прадстаўнікоў розных падвідаў берасцянак, якіх на сёння вылучаюць ажно 16.
Пры параўнанні ступені геномаў і генетычнай разнастайнасці птушак на астравах Макранезіі і на еўраазіяцкім ды афрыканскім кантынентах, аказалася, што спачатку адбылося засяленне птушкамі з Еўропы Азорскіх астравоў, а ўжо з іх Мадэйры і Канарскіх астравоў. На Азорскім архіпелагу даследчыкі знайшлі высокую генетычную разнастайнасць берасцянак, параўнальную ўзроўнем да разнастайнасці ў Еўропе, тады як на наступных ‘прыпынках каланізацыі’ генетычная разнастайнасць аказалася чакана значна меншай. Дзякуючы хуткай радыяцыі на розных архіпелагах Мікранезіі, берасцянкі параўнальна хутка дасягнулі выразных фенатыпічных і генетычных адрозненняў, якія даследчыкі лічаць адпаведнымі відавому ўзроўню і прапануюць падзяліць від наступным чынам:
• Fringilla coelebs – кантынентальная частка Еўразіі;
• Fringilla spodiogenys / аfricana – Паўночная Афрыка;
• Fringilla moreletti – Азорскія астравы;
• Fringilla maderensis - Мадэйра;
• Fringilla canariensis – Канарскія астравы.
І хаця берасцянкі з розных Канарскіх астравоў добра адрозніваюцца генетычна, іх фенатыпічныя адрозненні мінімальныя і аўтары прапануюць заставіць іх падвіды статус унутры новага віда такім чынам: F. canariensis canariensis на астравах Tenerife і La Gomera; F. с. palmae на La Palma; F. с. ombriosa на El Hierro і F. с. bakeri на Gran Canaria.
Крыніца: Recuerda M, Illera J C, Blanco G, Zardoya R & Milá B. 2021. Sequential colonization of oceanic archipelagos led to a species-level radiation in the common chaffinch complex.Molecular Phylogenetics and Evolution, vol 164. DOI:doi.org/10.1016/j.ympev.2021.107291.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Дыяграма з www.sciencedirect.com
Здымак азорскай берасцянкі Fringilla coelebs moreletti – Юрыя Шашэнькі
На гэтую тэму:
Генетыкі прапануюць падзяліць бажана на тры віды – што гэта значыць для спісаў птушак у Еўропе
Таксанамічныя змены ў відавым статусе жаўрукоў могуць (не) змяніць спіс птушак Беларусі
Сотні відаў цімеліевых праверылі пад “генетычнай лупай”
Адрозненні ў песнях ізалююць віды
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ