Таксанамічныя змены ў відавым статусе жаўрукоў могуць (не) змяніць спіс птушак Беларусі

На прыканцы мінулага году выйшла чарговая публікацыя, на аснове якой Міжнародны арніталагічны звяз (IOU) прыняў рашэнне падзяліць раней адзіны від, шэрага жаўрука (Alaudala rufescens), на два віды. Гэтае рашэнне можа змянць і класіфікацыю, якую выкарыстоўвае Еўрапейская асацыяцыя арніта-фауністычных камісій AERC, і, адпаведна, і мы ў Беларусі. Тады ўстане пытанне наконт відавой прыналежнасці шэрага жаўрука, адзіная рэгістрацыя якога ў нас яшчэ не разглядалася БАФК.

Жаўрукі ў сваёй большасці насяляюць адкрытыя прасторы, дзе вельмі важная крыптычная афарбоўка. Гэта хутчэй за ўсё прывяло да таго, што некаторыя віды выглядаюць вельмі падобна і марфалагічна мала адрозніваюцца. У апошнія дзесяцігоддзі  генетычныя даследаванні і дадзеныя па вакалізацыі з розных частак арэалу розных відаў дазволілі праліць больш святла на таксанамічную структуру групы. Дзякуючы гэтаму колькасць відаў жаўрукоў павялічылася амаль на 30%.

Так званы комплекс відаў шэрых жаўрукоў, уключае блізкія віды, якія шырока распаўсюджаны ў Палеарктыцы (ад Канарскіх астравоў да паўночна-усходняй часткі Кітая) і ў Паўночнай Афрыцы. З-за вельмі невялікіх марфалагічных адрозненняў, таксанамічны статус розных прадстаўнікоў гэтых відаў шмат абмяркоўваўся ў мінулым, прычым вылучалі нават да 16 форм (падвідаў).

Даследаванне, апублікаванае Ghorbani et  al  (2020) на аснове філагенетычнага аналізу прапаноўвала падзел шэрых жаўрукоў на 4 адасобленыя лініі, якія аддзяліліся адна ад адной ад 1,6 да 3,2 мільёны гадоў таму. Аўтары прапаноўвалі вылучыць 4 наступныя клады (фактычна віды): heinei  clade, raytal  clade [пясчаны жаўрук], rufescens  clade, і cheleensis + leucophaea  clade [азіяцкі шэры жаўрук]), хаця і спецыяльна адзначылі, што любое фармальнае радзяленне комплекса на віды патрабуе дадатковых даследаванняў.

мапа

Гнездавыя арэалы шэрага і азіяцкага шэрага жаўрукоў (шэры колер) і пясчанага жаўрука (жоўты) + месцы паходжання птушак, выкарыстаных для адбору генетычных пробаў. Паводле Ghorbani et al (2020) (Wiley Online Library).

І апошняя публікацыя Alström et  al  (2020) як раз дэманструе падобныя дадатковыя даследаванні адпаведна па параўнанню мітахандрыяльных ДНК, марфалогіі і гукавых сігналаў шэрых жаўрукоў. Аўтары падтрымліваюць падзел на 4 віды, а менавіта:

Міжземнаморскі шэры жаўрук Mediterranean Short-toed Lark (Alaudala rufescens)

Уключае падвіды (формы) rufescens, apetzii, minor

Распаўсюджаны ў паўднёвай Еўропе, на Канарскіх астравах, у Паўночнай Афрыцы і на Іберыйскім паўвостраве, а таксама праз Левант да заходняй часткі Ірака.

Туркестанскі шэры жаўрук Turkestan Short-toed Lark (Alaudala heinei)

Уключае падвіды heinei, aharonii, persica

Распаўсюджаны ва Украіне і Цэнтральнай Турцыі, далей праз Цэнтральную Азію да паўднёвай часткі Манголіі і поўдня Афганістана.

Азіяцкі шэры жаўрук Asian Short-toed Lark (Alaudala cheleensis)

Уключае падвіды cheleensis, tuvinica, leucophaea, kukunoorensis

Распаўсюджаны cheleensis і tuvinica ад поўначы Манголіі да усходу Кітая; leucophaea і kukunoorensis ад Цэнтральнага Казахстана да Паўночна-Цэнтральнага Кітая.

Пясчаны жаўрук Sand Lark (Alaudala raytal)

Уключае падвіды raytal, krishnakumarsinhji, adamsi і распаўсюджаны ад Ірана да Цэнтральна-Паўднёвай М’янмы.
 

Калі параўновываць толькі апярэнне, міжземнаморскі і туркестанскі шэры жаўрукі вельмі падобныя, прычым першыя маюць менш рыжага адцення і больш тонкія выцягнутыя рыскі на грудзі. Азіяцкі шэры жаўрук мае агульна больш светлае апярэнне, першаступовыя махавыя і рулявыя пёры менш насычанага чорна-карычневага колеру, чым у іншых шэрых жаўрукоў і ў сярэднім больш белага на крайніх рулявых.

Пясчаныя жаўрукі адрозніваюцца знешне ад іншых шэрых жаўрукоў найбольш – яны найменш стракатыя зверху, цёмныя рыскі тонкія і іх параўнальна няшмат.

Акрамя гэтага даследчыкі знайшлі, што песня міжземнаморскага і туркестанскага шэрага жаўрукоў адрозніваецца, што таксама сведчыць на карысць іх відавога статусу.

Хаця паўсюль месцы распаўсюджання гэтых двух відаў не перакрываюцца паміж сабой, вельмі магчыма, што ў нязначнай ступені віды парапатрычныя або нават сімпатрычныя ўздоўж сірыйска-турэцкай мяжы.

У снежні 2020 году на аснаванні новых доказаў, прыведзеных у публікацыі Alström et al (2020), IOC World Bird List прыняў рашэнне аб вылучэнні туркестанскага шэрага жаўрука з раней аднаго віду – шэрага жаўрука, які зараз называецца міжземнаморскім шэрым жаўруком (гл.  IOC Version 11.1). 

Статус шэрых жаўрукоў у тых краінах Еўропы, дзе яны не гняздуюць

Гэты падзел азначае, што ў Заходняй Палеарктыцы гняздуюць і сустракаюцца па-за гнездавымі арэламі як мінімум два віды шэрых жаўрукоў. Іх вельмі значнае знешняе падабенства стварае сур’ёзныя перашкоды ў вызначэнні да віду тых асобін, якія адзначаны як залётныя па-за межамі іх звычайных межаў распаўсюджання. У Гішпаніі міжземнаморскі шэры жаўрук лічыцца ў сваёй большасці аселым відам, тады як ў Паўнонай Афрыцы ўжо можа быць качуючым. Туркестанскі ж шэры жаўрук лічыцца мігрыруючым на большай частцы свайго арэалу.

Таму вельмі магчыма, што выключна па зробленых пад час адзінай сустрэчы птушкі ў Беларусі здымках будзе немагчыма адназначна вызначыць яе да віду і з-за гэтага яна не зможа трапіць у Спіс птушак Беларусі.

 

Крыніцы:

Alström, P, van Linschooten, J, Donald, P, Sundev, G, Mohammadi, Z, Ghorbani, F, Shafaeipour, A, van den Berg, A, Robb, M, Aliabadian, M, Wei, C, Lei, F, Oxelman, B and Olsson, U. 2020. Multiple species delimitation approaches applied to the avian lark genus Alaudala. Molecular Phylogenetics and Evolution 154: 2021, 106994.
Dickie, I and Vinicombe, K. 1995.
Lesser Short-toed Lark in Dorset: new to Britain. British Birds 88: 2, 593-599.
Ghorbani, F, Aliabadian, M, Zhang, R, Irestedt, M, Hao, Y, Sundev, G, Lei, F, Ma, M, Olsson, U and Alström, P. 2020.
Densely sampled phylogenetic analyses of the Lesser Shorttoed Lark (Alaudala rufescens) – Sand Lark (A. raytal) species complex (Aves, Passeriformes) reveal cryptic diversity. Zoologica Scripta 49: 4, 427-439.
McInerny, C, Musgrove, A, Stoddart, A, Harrop, A and Dudley, S. 2017. The British List: A Checklist of Birds of Britain (9th edition). Ibis 160: 1, 190-240.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак шэрага жаўрука (Alaudala rufescens sensu lato) Юрыя Шашэнькі

 

 

На гэтую тэму:

На Гарадзеншчыне адзначаны яшчэ адзін новы для Беларусі від птушак – шэры жаўрук!

Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне

У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак

Новы для Беларусі, чужародны від птушак – качка-каралінка – адзначаны пад Гродна

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў

Генетыкі прапануюць падзяліць бажана на тры віды – што гэта значыць для спісаў птушак у Еўропе

Усе чачоткі – адзіны від?

Шэрая і чорная вароны пад генетычнай “лупай”