Згодна з дадзенымі ўлікаў з папярэдняй зімы, падведзенымі Трастам вадаплаўных птушак і водна-балотных угоддзяў (Wildfowl & Wetlands Trusts (WWT)), колькасць малых лебедзяў (Cygnus columbianus), якія зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі, працягвае вельмі хутка змяншацца.
Толькі 1278 малых лебедзяў было налічана на Брытанскіх астравах і ў Ірландыі пад час правядзення апошніх Міжнародных улікаў лебедзяў (International Swan Census) у студзені 2020 году. Для параўнання, іх налічылі тут 7100 у 2010-м і 4392 у 2015-м годзе.
Балоты ў Cambridgeshire і Norfolk застаюцца апошнімі ‘бастыёнамі’ віда на зімоўцы на Брытанскіх астравах. У Ірландыі зімой 2020-га былі адзначаныя толькі 12 птушак і хутчэй за ўсё малыя лебедзі ў бліжэйшыя гады знікнуць там як зімуючы від.
Малыя лебедзі, якія гняздуюць у расійскай частцы Арктыкі, раней зімавалі выключна ў паўночнай частцы Еўропы, уключна з Вялікабрытаніяй і Ірландыяй. Аднак са зменамі, якія адбыліся ў апошнія гады і дэградацыяй некаторых месцаў зімоўкі, малыя лебедзі нават знайшлі новыя месцы, напрыклад, у Грэцыі. І колькасць птушак там паступова і значна павялічваецца. Падобным чынам усё больш малых лебедзяў зараз зімуюць у Даніі і Германіі, а ў апошнія зімы – і ў Заходняй Польшчы.
У адрозненне ад гэтага, колькасць лебедзяў-клікуноў (C. cygnus), якія гняздуюць у Ісландыі, працягвае павялічвацца на зімоўцы на Брытанскіх астравах. Так, іх колькасць у 2020 годзе дасягнула тут 43.255 асобін у параўнанні з 34.000 птушак у 2015-м. Згодна з дадзенымі WWT, гэта таксама значыць, што ісландзкая папуляцыя віду павялічылася амаль утрая з 1995 году.
Англія і Рэспубліка Ірландыя зараз з’яўляюцца самымі папулярнымі месцамі зімоўкі клікуноў (36.8% і 33.4% адпаведна), прычым у сярэдзіне зімы птушкі выразна змяшчаюцца на паўднёвы ўсход.
Паводле www.wwt.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак малых лебедзяў яго ж
На гэтую тэму:
Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі
Лебедзі-клікуны ў Брытаніі - амаль па Шэкспіру
Самы стары з жывых малы лебедзь прыляцеў зімаваць у Слімбрыдж
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ