Аптымальны памер груп для размнажэння розны для самцоў і самак афрыканскіх страусаў

Нядаўняе даследаванне паказала, што аптымальны памер групы ў афрыканскіх страусаў (Struthio camelus) можа значна вар’іраваць у прыродзе і яго ўстойлівасць залежыць ад баланса, ці суадносін самцоў і самак.

У афрыканскіх страусаў існуе не зусім звычайная стратэгія размнажэння: групы рознага памеру з самцоў і самак утвараюць адно агульнае (communal) гняздо, і птушкі па чарзе наседжваюць яйкі ў ім. Пасля вылуплення птушанят, усе дарослыя птушкі прымаюць удзел у іх даглядзе і выхаванні. Аднак падобнае кааператыўнае размнажэнне мае свае кошты, таму што можа ствараць моцную канкурэнцыю пад час утварэння пар у групе і пад час інкубацыі яек. 

"Рознанакіраваныя сілы канкурэнцыі і кааперацыі ў ідэале павінны ўраўнаважыць адно аднаго ў выпадку групы аптымальнага памеру” – сказаў Julian Melgar, аспірант Lund University (Швецыя) і галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання. "Аднак у прыродзе групы жывёл вельмі варыябельныя ў памерах і не зразумела – чаму?”

Агульнапрынятае тлумачэнне ў тым, што ў розных экалагічных умовах аптымальны памер групы можа быць іншы. Але гэта не тлумачыць чаму групы маюць розны памер у тых самых экалагічных умовах.

На працягу 8 гадоў у пачатку кожнага сезону размнажэння даследчыкі самі стваралі групы страусаў рознага памеру і складу на тых самых вялікіх агароджаных тэрыторыях у Паўднёвай Афрыцы так, каб экалагічныя ўмовы былі аднолькавыя кожны сезон. Аналагічна адзначаным у прыродзе, навукоўцы назіралі за групамі ў складзе якіх былі 1 ці 3 самцы і 1, 3, 4 ці 6 самак. Адным з асноўных паказчыкаў, паводле якіх вызначаўся баланс складу групы, быў поспех размнажэння ў пераліку на кожную дарослую асобіну ў групе.

Такім чынам, даследчыкі знайшлі тры галоўныя заканамернасці. Для самак страусаў магчымы аптымальныя групы рознага памеру, таму што поспех размнажэння ў вялікай ступені залежыць ад кааператыўнага дагляду патомства, які забяспечваюць і самкі, і самцы страусаў. Для самцоў жа аптымальны памер групы адзін і вызначаецца ён вельмі высокімі коштамі канкурэнцыі паміж самцамі, якія не кампенсуюцца агульным удзелам у даглядзе патомства.

Групы прамежкавага, сярэдняга памеру не з’яўляюца аптымальнымі ні для самцоў, ні для самак. Так атрымліваецца з-за канфліктаў пад час утварэння пар і потым дагляду патомства. У такіх групах адбываюцца праблемы з інкубацыяй кладак, таму што самцы стараюцца спарыцца з інкубуючымі самкамі і могуць пашкодзіць яйкі. Таму розныя памеры груп у прыродных умовах можна растлумачыць спробамі і самцоў, і самак максімізаваць уласны поспех размнажэння.

Крыніца: Julian Melgar et al, Experimental evidence that group size generates divergent benefits of cooperative breeding for male and female ostriches, eLife (2022). DOI: 10.7554/eLife.77170

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца з двума самкамі з www.wikimedia.org

 

 

На гэтую тэму:

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця

Калі важны і памер, і склад групы

У ГРЫФАВЫХ ЦАСАРАК УПЕРШЫНЮ ДЛЯ ПТУШАК ЗНОЙДЗЕНА НАДЗВЫЧАЙ СКЛАДАНАЕ ГРАМАДЗТВА

Вароны ў большых сацыяльных групах здаравейшыя

Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты