Хаця большасць з нас лічыць чорных свіргулёў (Apus apus) звязанымі выключна з высокімі гарадзкімі будынкамі, дзе яны знаходзяць адпаведныя для гнездавання нішы, аднак існуе тэорыя, што першасна гэты від у нас гнездаваў у лясах. Гэтая рэліктавая папуляцыя ўсё яшчэ існуе ў Польшчы, аднак асаблівасці выбару птушкамі гнездавых дупел (за выключэннем Белавежскай пушчы) яшчэ нядаўна былі невядомыя.
Акрамя Польшчы, падобныя ‘лясныя’ чорныя свіргулі таксама адзначаны на гнездаванні ў лясах іншых краін Усходняй Еўропы, Скандынавіі і ў Расіі.
Пад час даследаванняў у 2019-21 гг, гнездаванне чорных свіргулёў было ўсталявана ў 78 месцах у лясах на раўнінах Roztocze і Biłgoraj (паўднёва-усходняя частка Польшчы). Амаль 40% адзначаных месцаў гнездавання знаходзіліся на тэрыторыі нацыянальных паркаў або рэзерватаў, а 60% - у гаспадарчых лясах. Сярэдняя колькасць гняздуючых пар была 1.7 (ад 1 да 5 пар) у кожным месцы і не адрознівалася паміж гаспадарчымі лясамі і тэрыторыямі пад аховай.
Свіргулі выбралі для гнездавання як іглістыя, так і пераважна шырокалісцевыя лясы, аднак толькі на стараўзроставых участках, прычым сярэдні ўзрост дрэваў там атрымаўся 147 гадоў (ад 80 да 199 гадоў). Аднак сярэдні ўзрост дрэваў на ўчастках гнездавання свіргулёў у Растачанскім нацпарку аказаўся большы, чым у гаспадарчых лясах: адпаведна 162 гады (120–190) і 139 гадоў (80–199). Усе 28 знойдзеныя гнездавыя дуплы свіргулёў знаходзіліся ў соснах з дыяметрам ствала на вышыні грудзі чалавека ад 40 да 75 см і былі вышынёй ад 23 да 32 метраў. Цікава, што птушкі выбіралі дуплы як у жывых, так і ў мёртвых дрэвах.
Непасрэдна гнездавыя дуплы свіргулёў размяшчаліся на вышыні ад 5 да 27 метраў, прычым 75% іх былі створаныя вялікім дзятлам (Dendrocopos major), тады як рэшта ўтварылася дзякуючы выгніванню ніш па абломаных у ствала галінах.
"У адрозненне ад шматлікіх гнездавых калоній у нашых гарадах, у лясах свіргулі звычайна гняздуюць асобнымі парамі або ў зусім невялікіх групах – гэта пацвердзілі і нашы даследаванні” – сказаў Dr Przemysław Stachyra з Roztoczańskiego Parku Narodowego. "Участкі лясоў, якія выбіралі для гнездавання свіргулі, былі аднымі з самых стараўзроставых - гэта характэрная рыса віда ў розных краінах Еўропы”.
Атрыманыя дадзеныя паказалі, што лясная папуляцыя больш шматлікая, чым меркавалі да гэтага, аднак яе агульная колькасць усё роўна вельмі нязначная ў параўнанні з птушкамі з нашых паселішчаў.
"Ключавым фактарам для забеспячэння магчымасці гнездавання свіргулёў у нашых лясах і захавання гэтай унікальнай папуляцыі ёсць ахова ўчасткаў са старымі дрэвамі. Для гэтага неабходны змены ў дзейнасці па выкарыстанні гаспадарчых лясоў і звяртанне ўвагі на ахове тых рэдкіх відаў, якія ў іх яшчэ сустракаюцца” – сказаў сааўтар даследаванняў і публікацыі па іх выніках prof. UW Robert Mysłajek.
Крыніца: Przemysław Stachyra, Robert W. Mysłajek 2021 Characteristics of nesting sites of the common swift Apus apus in the Roztocze and Biłgoraj Plains, Leśne Prace Badawcze, 2021, 82 (4): 167–172 DOI-10.48538/lpb-2021-0018
Паводле https://naukawpolsce.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Чорны свіргуль – Need for Speed!
Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі
Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры
5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!
Ці магчыма цалкам кампенсаваць птушкам страту гнёздаў пасля мадэрнізацыі будынкаў?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ