Адна са знаходак палеантолага-аматара дазволіла зразумець як выглядалі і жылі першыя совы

Совы (Strigiformes) – адна з самых прыстасаваных да начнога ладу жыцця груп птушак і адна з самых старых драпежных. Іх карані прасочваюцца з палеацэну (66-56 мільёнаў гадоў таму), г.зн. з пачаткаў эпохі ‘пасля дыназаўраў’. Аднак вельмі некамплектныя выкапневыя парэшткі не давалі магчымасці апісаць іх ранейшы выгляд і пацвердзіць здагадкі наконт эвалюцыі гэтай групы.

Дзякуючы незвычайна вялікай і багатай (больш за тысячу апрацаваных скамянелых парэшткаў птушак ранняга эацэну) прыватнай калекцыі палеантолага-аматара Майкла Дэніэлса (Michael Daniels, 1931-2021), якую ён перад смерцю перадаў у дар Нацыянальнаму музею Шатландыі ў Эдынбургу, яго сябры-навукоўцы і адначасова калегі апісалі новы род і від ранняй савы. Яна атрымала навуковую назву Ypresiglaux michaeldanielsi ў гонар калекцыянера, які знайшоў і падрыхтаваў да апісання яе скамянелы чэрап і шкілет, а радавая назва паходзіць ад назвы геалагічнага гарызонту, у якім сава была знойдзена -  Ypresian і слова glaux  - што па-грэцку значыць сава.

Новы для навукі від быў апісаны на аснове некамплектнага шкілету, які, аднак, меў вельмі важныя элементы: фрагменты чэрапа, пазванкі, фрагменты костак правай нагі, грудной клеткі і косткі крылаў. Гэтыя скамянелыя парэшткі былі знойдзены Майклам Дэйвісам яшчэ ў 1992 годзе ў пастаянным месцы яго пошукаў – у мясцовасці Walton-on-the-Naze (Вялікабрытанія) у геалагічным гарызонце ранняга эацэну ўзростам 54,6–55 мільёнаў гадоў.

Найбольш цікавым для апісання знешняга выгляду і ладу жыцця ранніх соваў з’яўляецца іх чэрап, аднак дагэтуль самыя старыя знойдзеныя выкапневыя парэшткі соваў з палеагену (усяго 17 відаў) ўяўлялі сабой толькі фрагменты задніх канечнасцяў. Выключэннем можна лічыць парэшткі ранніх соваў з роду Primoptynx, але яны вельмі слаба захаваныя. Сучасныя (у шырокім сэнсе) совы выразна вылучаюцца сярод іншых груп птушак трыма асноўнымі марфалагічнымі асаблівасцямі, якія дэманструюць адаптацыю гэтага таксона да начного або сумерачнага ладу жыцця большасці вядомых нам відаў.

Першая з гэтых асаблівасцяў – гэта незвычайна вялікія і накіраваныя ўперад вочы, якія падтрамліваюцца значна павялічанымі ў парўнанні з іншымі групамі птушак персценепадобнымі дробнымі косткамі. Другая асаблівасць – своеасаблівая будова костак вакол вушных адтулін, а трэцяя – своеасаблівая будова шыйных пазванкоў і асабліва першага з іх – атласа, якая дае магчымасць паварочваць галаву нават на 270°. А гэта патрэбна совам з-за таго, што вялізарныя па памерах вочы могуць паварочвацца толькі разам з паваротам галавы.

Выкапневыя парэшткі ipreziglauks даказваюць, што раннія совы не мелі ніводнай з пералічаных вышэй марфалагічных асаблівасцяў ‘сучасных’ соваў. Аднак большасць захаваных рэштак шкілета (па-за чэрапам і атласам) паказалі характэрныя для соваў асаблівасці. Акрамя гэтага аказалася, што характарыстычнай рысай гэтага, як хутчэй за ўсё і іншых ранніх відаў соваў, былі параўнальна вялікія надарбітальныя костныя вырасты (processus supraorbitalis) слёзнай косткі. Такія костныя вырасты маюць большасць відаў дзённых драпежных птушак з атрадаў Сокалападобных Falconiformes, Шулякападобных Accipitriformes і мелі прадстаўнікі вымерлай групы Phorusrhacidae (т.зв. тэрор-птушкі) з атраду Карыамападобных. Гэтыя костныя вырасты служаць апорай выпуклым брывям і ствараюць характэрыстычны ‘суворы’ выгляд многім драпежным птушкам. Іх функцыя не да канца зразумелая, але яўна абараняе вочы лясных драпежнікаў пад час хуткага палёту паміж дрэвамі і хмызнякамі. У сучасных відаў соваў гэтыя надарбітальныя костныя вырасты альбо моцна зменшаныя, альбо ўвогуле адсутнічаюць. Хутчэй за ўсё яны значна абмяжоўвалі б поле зроку соваў і вялікія вочы трацілі б сваю перавагу для птушак. Але ў ipreziglauks вочы былі значна меншыя, з надарбітальнымі костнымі вырастамі і яўна не прыстасаваныя да начнога ладу жыцця.

Акрамя гэтага квадратная костка (os quadratum) ipreziglauks паказвае, што раннія совы мелі іншую будову вушной адтуліны, чым сучасныя віды. Ну і нарэшце будова атласа і шэйных пазванкоў кажа пра тое, што раннія совы не маглі так моцна паварочваць галаву, як гэта робяць сучасныя прадстаўнікі Совападобных.

Такім чынам, невялікая (памерамі з сучаснага вераб’інага сычыка) старажытная сава Ypresiglaux michaeldanielsi знешне больш была падобнай на сучасных сакалоў, чым на сучасных соваў і без сумненняў вяла дзённы, драпежны лад жыцця. Пераход пазнейшых відаў соваў да пераважна начной актыўнасці хутчэй за ўсё быў выкліканы моцнай канкурэнцыяй і вольнай экалагічнай нішай.

Крыніца: Mayr, G. & Kitchener, A.C. 2022. Early Eocene fossil illuminates the ancestral (diurnal) ecomorphology of owls and documents a mosaic evolution of the strigiform body plan. Ibis 165 (1): 231-247.  First published: 07 August 2022 https://doi.org/10.1111/ibi.13125

Паводле Ornitofrenia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Захаваныя косткі чэрапа новаапісанага віда старажытнай савы з выразнымі надарбітальнымі костнымі вырастамі ў параўнанні з чэрапамі ляснога сокала і розных відаў сучасных соваў з https://onlinelibrary.wiley.com

 

 

На гэтую тэму:

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

Апісаны самы старажытны від гагача, які яўна не быў выключна рыбаядным

Знойдзены скамянелыя парэшткі самых старажытных вераб’іных птушак

Антарктычныя карані Гусепадобных

Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу

Апісаны новы від і сямейства выкапневых мезазойных птушак

Знойдзена свіргулепадобная птушка, якой больш за 50 мільёнаў гадоў