Дзве вельмі дзіўныя гісторыі, звязаныя з гнездаваннем белых буслоў (Ciconia ciconia), разгарнуліся гэтай вясной у Чэхіі. У невялікім гарадку Horní Cerekv была адзначана пара, якая ўтварылася з самкі белага і самца чорнага бусла (C. nigra). А прыкладна ў 50 км ад гэтага месца ў горадзе Chýnov у адным гняздзе адклалі яйкі дзве самкі белага бусла, якія дагэтуль займаюць яго без бачнага ўдзелу самца.
Zdeněk Vermouzek, дырэктар Чэшскага арніталагічнага таварыства (Czech Ornithological Society (CSO)), сказаў: "Выпадкі супольнага гнездавання белага і чорнага буслоў вельмі рэдкія, але вядомыя навукоўцам. Падобны да нашага выпадак быў адзначаны сёлета ў Германіі”.
Пасля некалькіх капуляцый самца чорнага бусла з самкай белага, самец белага бусла праз нейкі час прагнаў яго. Цікава будзе прасачыць за лёсам адкладзеных самкай яек – ці вылупіцца з іх хто? Бо дагэтуль птушаняты ці дарослыя птушкі - гібрыды белага і чорнага бусла навукоўцам невядомыя.
Не менш цікава будзе ўбачыць і вынікі гнездавання іншай незвычайнай пары, якая ўтварылася з двух самак белага бусла. "Птушкі, якія занялі гняздо ў гарадку Chýnov, абедзве адклалі ў яго яйкі ў пачатку мая. Арнітолагі кажуць, што гэта першы зарэгістраваны выпадак утварэння пары птушак таго ж полу ў белага бусла” – сказаў Vermouzek.
Гэтае гняздо знаходзіцца пад назіраннем камеры, дзякуючы якой можна адсочваць усе паводзіны буслоў, якія прыляцелі туды вясной. Абедзве самкі папраўлялі гняздо, клацаннем дзюбы віталі адна адну і разам адкалалі 8 яек. Таму няма сумненняў, што абедзве птушкі на тым самым гняздзе менавіта самкі.
Акрамя гэтага, адна з двух самак у мінулыя гады была акальцаваная і на гэтым жа гняздзе ў нармальнай пары з самцом у мінулым сезоне выгадавала 3 птушанят. Вясной гэты самец на гняздо не прыляцеў.
Незвычайнае адкрыццё ў Chýnov’е зрабіў арнітолаг Michael Strnad, які пракаментаваў падзеі наступным чынам: "Хаця праз нейкі час на гэтае гняздо прыляцеў новы самец і яго нармальна прыняла самка, аднак даволі хутка ён адляцеў без капуляцый з самкай і больш туды не вярнуўся. Даволі хутка туды прыляцеў іншы бусел і праз нейкі час утварылася новая пара. Тое, што гэты новы бусел таксама самка, стала зразумела пасля адкладкі ёй першага яйка”.
Хаця чакалася, што інкубацыя падвойнай кладкі скончыцца нічым, бо буслы звычайна капулююць на гняздзе і вельмі рэдка недзе па-за ім, чаго, дзякуючы камеры, навукоўцы ў гэтай пары менавіта на гняздзе не назіралі, аднак усяго з 8 яек вылупіліся 5 птушанят. Двое з іх памёрлі адразу пасля вылуплення, яшчэ адно троху пазней і адно забралі ў цэнтр рэабілтацыі, бо буслянё выглядала не найлепшым чынам. Цяпер у гняздзе дзіўнай пары застаецца толькі 1 птушанё.
Паводле www.birdlife.cz (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты
Белыя буслы з Германіі і Аўстрыі: у першы год жыцця загінулі 9 з 10
Каб знайсці месцы для палявання, белыя буслы выкарыстоўваюць пах свежаскошанай травы
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Самец белага бусла 16 гадоў вяртаецца да сваёй самкі-інваліда
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ