Дзякуючы эфектыўнай камбінацыі палявых даследаванняў і кампутарнага маделявання атрымалася паказаць, што вялікая варыятыўнасць у афарбоўцы яек вілахвостага дронга (Dicrurus adsimilis) і рандомнае падкідванне ў іх гнёзды яек афрыканскімі зязюлямі (Cuculus gularis) дазваляе першым вызначаць і выкідваць амаль усе з іх. Прычым гэтае даследаванне атрымала вельмі падобныя вынікі да папярэдняга, зробленага на зязюлевых ткачыках (Anomalospiza imberbis) і зязюлі Д’іедэрыка (Chrysococcyx caprius).
Зязюлі добра вядомыя сваёй здольнасцю падкідваць свае яйкі ў гнёзды іншых відаў птушак і дзякуючы таму, што яны часта вельмі падобныя або практычна не адрозніваюцца афарбоўкай ад яек патэнцыйных прыёмных бацькоў, тыя прымаюць іх за свае і потым вымушаны выгадоўваць зязюльчынё. Аднак група даследчыкаў у Замбіі знайшла, што некаторыя віды птушак навучыліся надзвычай эфектыўна супрацьстаяць гэтай стратэгіі зязюляў.
Аказалася, што хаця афрыканскія зязюлі падкідваюць у гнёзды вілахвостых дронга вельмі падобныя на яйкі апошніх свае, дронга выкідваюць амаль 94% яек зязюляў. Яйкі дронга – вельмі разнастайныя ў афарбоўцы, але афрыканскія зязюлі могуць адкладваць свае з вельмі падобнай, або нават ідэнтычнай афарбоўкай. Аднак індывідуальныя самкі абодвух відаў могуць адкладваць яйкі толькі нейкага аднаго тыпу афарбоўкі і не могуць змяняць яе ні ў сезоне, ні на працягу жыцця. Крытычна важным аказалася, што самкі зязюляў не выбіраюць гнёзды дронга з яйкамі, падобнымі менавіта на іх яйкі, а падкідваюць іх рандомна.
Такім чынам яйка зязюлі, тэарэтычна вельмі падобнае на адзін з тыпаў яек дронга, можа апынуцца ў гняздзе, у якім яно будзе добра адрознівацца ад яек гаспадароў гнязда. Імавернасць гэтай падзеі і паспрабавалі вызначыць навукоўцы.
“Аказалася, што вельмі важна ўважліва прыглядацца кожнаму асобнаму выпадку гнездавога паразітызму, а не глядзець толькі падабенствы - ці адрозненні – яек на ўзроўні папуляцый” – сказала Jessica Lund, арнітолаг з універсітэту Кэмбрыджа (Вялікабрытанія) і першая сааўтарка артыкулу па выніках даследавання.
Lund з калегамі на працягу 4 сезонаў у 2009-11 і 2019 гг на поўдні Замбіі вывучалі гнездавы паразітызм афрыканскіх зязюляў на вілахвостых дронга, дзе на тэрыторыі каля 3,5 тысячы га са 196 гнёздаў дронга ў 34 знайшлі яйкі зязюляў, якія апошнія зусім нядаўна падкінулі.
Калі навукоўцы параўналі яйкі дронга і зязюляў, то ў сярэднім яйкі апошніх былі і формай, і памерам і афарбоўкай вельмі падобныя да яек першых. Потым, каб стварыць кампутарную праграму з мадэллю адрозненняў у афарбоўцы на аснове якіх дронга выківаюць або не чужыя яйкі, даследчыкі перакладвалі яйкі дронга з аднаго гнязда ў іншае і глядзелі на рэакцыю гаспадароў. На аснове 1000 кампутарных сімуляцый пар яек зязюлі і дронга, якія асноўваліся на рандомным падкідванні яек зязюлямі ў прыродзе, навукоўцы вылічылі долю магчымай паспяховасці гнездавога паразіта. Яна аказалася вельмі невялікай, бо ў 93.7% выпадкаў гаспадары гнязда маглі адрозніць яйкі зязюляў ад сваіх і выкінуць іх.
Lund сказала, што навукоўцы дагэтуль яўна недаацэньвалі значнасць варыябельнасці: “Хаця зязюлі дасягнулі амаль ідэальнай мімікрыі ў афарбоўцы сваіх яек пад яйкі дронга, аднак апошнія дзякуючы значнай варыябельнасці афарбоўкі яек амаль заўсёды пазбягаюць гнездавога паразітызму – як мінімум на тэрыторыі нашых даследаванняў”.
Крыніца: Jess Lund et al. 2023 When perfection isn't enough: host egg signatures are an effective defense against high-fidelity African cuckoo mimicry, Proc. Of the Royal Soc. B 290: 2003 Published:26 July 2023 https://doi.org/10.1098/rspb.2023.1125
Паводле падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі з https://royalsocietypublishing.org
Яйкі вілахвостага дронга і афрыканскай зязюлі з тэрыторыі даследаванняў: (a) Кладкі дронга з падкінутымі яйкамі зязюляў з гістарычнай калекцыі ў музеі Livingstone Museum, Замбія. У кожнай кладцы яйка зязюлі знаходзіцца ў ніжнім радзе з правага боку. (b) Яйкі зязюляў (з левага боку) і яйкі дронга (з правага боку), сфатаграфаваныя ў перыяд даследаванняў. Кожнае з яек было адкладзена рознымі самкамі. Кожнае з яек належыць да аднаго з чатырох галоўных фенатыпаў.
На гэтую тэму:
Калекцыянер птушыных кладак дапамог навукоўцам
Каб не гадаваць зязялючынё, трэба загнездаваць бліжэй да чалавека?
Асаблівасці гнездавога паразітызму звычайнай зязюлі на чаротаўках
Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO
Зязюлі запалохваюць птушак, якім падкінулі свае яйкі
Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ