Новая надзея на існаванне новазеландзкага шпака, які ‘афіцыйна’ знік у 2007 годзе

Нядаўняе сцверджанне пра назіранне зніклага віду птушак, новазеландзкага шпака (або кокако з Паўднёвага вострава) (Callaeas cinereus), нечакана ўзняло хвалю энтузіазма ў новазеландцаў і адрадзіла надзею, што від усё ж захаваўся. Каб фінансава падтрымаць ідэю пошукаў ва ўжо вядомым месцы, спецыяльны фонд прапанаваў $10.000 узнагароды таму, хто зможа сабраць і прадэманстраваць доказы пра існаванне кокако.

Фонд, які ахвяруе гэтую вялікую прэмію, мае аднайменную з відам назву - South Island Kokako Trust - нават спецыяльна абвесціў мясцовасць, дзе адбылася нечаканая, але бяздоказная сустрэча і заклікаў пацвердзіць яе здымкамі або відэа.

Прадстаўнік фонда Inger Perkins сказаў: "Паляўнічы бачыў і чуў птушку, якая можа быць кокако з Паўднёвага вострава. Таму мы звязаліся з уладальнікамі зямлі, на якой гэтае назіранне адбылося, за дазволам на пошукі.

Апісанне сустрэчы з птушкай адпаведнага для кокако памеру і шэрага колеру, характара яе палёту праз высечку ў лесе і голас, які пачуў паляўнічы - усё гэта стварае новую надзею, што від яшчэ не знік на нашым Паўднёвым востраве”.

Паводле афіцыйных дадзеных, від у 2007 годзе прызнаны Дэпартаментам аховы прыроды Новай Зеландыі зніклым. Аднак у тым жа годзе арніталагічнае таварыства краіны (Ornithological Society of New Zealand) зацвердзіла назіранне птушкі, хаця многія скептычна адносяцца да таго і іншых сучасных назіранняў кокако.

Perkins сказаў, што "мы ўжо атрымалі 423 паведамленні пра магчымае назіранне віда пасля абвяшчэння ўзнагароды за доказы яго існавання, з якіх прыкладна 20% могуць аказацца даволі цікавымі”.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Чарнагаловы бажанавы голуб ‘пераадкрыты’ праз 140 гадоў пасля апісання

Зубадзюбы голуб з Самоа адзначаны ўпершыню за дзесяцігоддзе

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Навукоўцы нарэшце ўпершыню ўбачылі чорнабровую цімелію ў прыродзе

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Блакітны ара ўпершыню ў нашым стагоддзі адзначаны ў прыродзе!