Вялікая каманда французскіх навукоўцаў выкарыстала візуальную і інфармацыю, атрыманую з дапамогай GPS перадатчыкаў, каб зразумець сацыяльныя і палётныя паводзіны 8 грыфаў, якія ўтрымліваліся ў няволі: 7 белагаловых сіпаў (Gyps fulvus) і 1 блізкага да іх сіпа Р’юппеля (G. rueppellii), з якіх трое былі самцы і пяцёра - самкі.
Жывёлы амаль пастаянна вымушаны прымаць рашэнне калі і куды рухацца далей каб знайсці даступныя ім рэсурсы, неабходныя для жыцця і размнажэння: ежу, воду, прыбежышча і партнёра. Каб зрабіць адпаведны выбар, у іх можа быць дзве асноўныя крыніцы інфармацыі: персанальная і сацыяльная. Персанальная інфармацыя складаецца з характэрных паводзін, прывязаных да пэўных адрэзкаў часу і мясцовасцяў, дзе раней былі знойдзены неабходныя рэсурсы ў папярэднія разы. Сацыяльная інфармацыя трапляе ў выглядзе назірання за іншымі асобінамі свайго ці іншага віду.
Назіранні праводзіліся ў 2021-22 гг на тэрыторыі цэнтра сакалінага палявання Rocher des Aigles у Rocamadour (Францыя) як у вальерах для вызначэння дамінавання-падпарадкавання ўсіх асобін у агульнай групе, так і на волі для палётаў у наваколлі цэнтру.
Плюсы ад назіранняў за асобінамі свайго віду ў тым, што змяншаюць няўпэўненасць у даступнасці рэсурсаў, аднак могуць хутка ператварыцца ў мінусы з-за неабходнасці канкураваць за гэтыя рэсурсы з іншымі чальцамі групы і гэта можа быць вялікай праблемай для нізкарангавых асобін.
Грыфы - аблігатныя ‘лунальшчыкі’ - г.зн. яны выкарыстоўваюць для перамяшчэнняў на параўнальна вялікія адлегласці ў пошуках падалі лунаючы палёт, які пачынаецца з пошукаў тэрмікаў (патокаў цёплага паветра над паверхняй зямлі). Пасля знаходкі ежы, канкурэнцыя за яе можа быць жорсткай, таму грыфы - ідэальныя мадэлі для вывучэння балансу паміж персанальнай і сацыяльнай інфармацыяй пад час пошукавых палётаў.
Аказалася, што грыфы стараюцца выкарыстаць сацыяльную інфармацыю пад час пошукаў тэрмікаў, асабліва ў неспрыяльных умовах надвор’я. Аднак даволі парадаксальна, што асобіны нізкага рангу хутчэй ігнаравалі сацыяльныя сігналы, калі вырашалі куды ляцець далей. Хутчэй за ўсё гэтак адбывалася, каб зменшыць магчымую рызыку канкурэнцыі ў групе пасля магчымай знаходкі гэтымі птушкамі падалі.
Такім чынам атрымалася, што ў грыфаў кантэкст навакольнага ім асяроддзя, кантэкст рызыкі і сістэма сацыяльных адносін пастаянна калібруюць баланс паміж сацыяльнай і персанальнай інфармацыяй пад час выбару кірунку палёту.
Крыніца: Yohan Sassi et al. 2024 The use of social information in vulture flight decisions, Proc. of the Royal society B, 201: 2018 Published: 13 March 2024 https://doi.org/10.1098/rspb.2023.1729
Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з https://koenfrantzen.com
На гэтую тэму:
Кондары не любяць махаць крыламі
Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е
Калі птушкі ведаюць пра межы паміж краінамі
Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ