Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў з Кітая, Манголіі, Японіі і Даніі ў нядаўна апублікаваным даследаванні прывяла цікавыя дадзеныя адносна феналогіі размнажэння, міграцыі і зімоўкі лебедзей-клікуноў (Cygnus cygnus), якія гняздуюць у розных шыротах.
Аказалася, што значна больш кароткі час, калі лёд не пакрывае паверхню вадаёмаў у высокіх шыротах, прымушае вялікіх памерамі вадаплаўных птушак гнездаваць такім чынам, каб паспець падняць на крыло птушанят да канца лета. А гэта ў сваю чаргу, змяняе важныя аспекты іх феналогіі.
Навукоўцы з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў і сэнсараў адсочвалі час і працягласць міграцыі, гнездавання і зімоўкі 127 лебедзяў-клікуноў з Усходняй Азіі з двух папуляцый: HLP, якія гнездавалі на шыраце 67°N, а зімавалі ў Японіі і MLP, якія гнездавалі на шыраце 48°N і зімавалі ў Кітае.
Даты прылёту дарослых птушак на месца гнездавання моцна карэліравалі з шыратой. Птушкі HLP прыляталі размнажацца на поўнач, калі там яшчэ толькі палова паверхні вызвалілася з-пад снегу і праводзілі ў гэтых мясцінах 142 дні. У высокіх шыротах гэта быў час, калі вадаёмы былі без ільда на паверхні. А для таго, каб адкласці яйкі, высядзець іх і выгадаваць птушанят, клікунам патрэбныя каля 130 дзён.
Дарослыя птушкі з папуляцыі MLP прыляталі праз 3 тыдні пасля таго, як на іх будучых месцах гнездавання палова тэрыторыі вызвалілася з-пад снегу. Далей яны ў сярэднім праводзілі там каля 209 дзён, і гэта прыкладна 80% часу з 267 дзён, калі вадаёмы ў гэтай мясцовасці вольныя ад ільда. Прычым адкладка яек завяршалася птушкамі ў сярэднім праз 33 дні пасля прылёту.
Гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, што лебедзі HLP з большай імавернасцю выкарыстоўваюць назапашаныя пад час зімоўкі і міграцыі рэчывы і энергію для таго, каб хутка сфармаваць і адкласці яйкі. У супрацьлегласць гэтаму cамкі з папуляцыі MLP хутчэй за ўсё могуць атрымаць неабходнае для адкладкі і інкбацыі яек ўжо на тэрыторыі гнездавання.
Клікуны HLP адлятаюць на зімоўку раней птушак MLP, але і тыя, і другія робяць гэта перад тым, як пачнуць замярзаць іх гнездавыя вадаёмы. Аказалася, што час, які лебедзі трацяць на міграцыю, значна не адрозніваецца для птушак з абодвух папуляцый і таму толькі розны адрэзак часу, які птушкі выккарыстоўваюць для гнездавання, вызначае працягласць іх зімоўкі.
Крыніца: Wenxin Liu et al. 2024 Life in the fast and slow lanes: contrasting timing of annual cycle events in high- and mid-latitude breeding Whooper Swans (Cygnus cygnus), first published: 28 June 2024 IBIS https://doi.org/10.1111/ibi.13339
Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Лебедзь-клікун з Польшчы летаваў …пад Варкутой
Лебедзь-клікун з Польшчы паляцеў ліняць у запалярную тундру Расіі
Дзве адасобленыя папуляцыі лебедзя-клікуна ў Еўропе вельмі нязначна ‘абменьваюцца’ птушкамі паміж сабой
Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ